Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

КГБ Беларусі абвяргае зьвесткі пра тое, што затрыманы грамадзянін Нямеччыны Крыстаф Лец падазраецца ў шпіянажы. Адначасова супрацоўнкі камітэту настойваюць на інфармацыі пра выкрыцьцё штогод прыкладна ста замежных шпіёнаў.

КГБ Беларусі лічыць, што гэта прэса разьдзьмувае кампанію шпіёнаманіі, якая назіраецца ў краіне апошнімі днямі. "Мы разумеем, што як толькі прэзыдэнт сказаў пра замежных шпіёнаў, вам патрэбна на гэта адрэагаваць і прывесці хоць нейкія факты", — заявіў мне сёньня намесьнік кіраўніка аддзелу КГБ Беларусі ў пытаньні сувязяў з грамадзкасьцю Яўген Баброў. У якасьці прыкладу ён прывёў зьвесткі, апублікаваныя ў мінулы панядзелак "Белорусской газетой", паводле якой ў Менску заарыштаваны за шпіянаж нямецкі грамадзянін Крыстаф Лец.

Насамрэч, паводле спадара Баброва, справа Крыстафа Леца ня мае ніякага дачыненьня да шпіянажу:

"Гэта крымінальная справа. Абсалютна. Гэта — ніякі не шпіянаж. Ён затрыманы за кантрабанду, як я памятаю, ці за нешта гэтага кшталту", — сказаў радыё Свабода намесьнік кіраўніка аддзелу КГБ ў пытаньні сувязяў з грамадзкасьцю Яўген Баброў.

Былы афіцэр Войска Польскага Крыстаф Лец, паводле расейскіх крыніцаў, на якія спасылаецца "Белорусская газета", за часам "халоднае" вайны зьбег на Захад. У 90-х гадох Лец прыехаў у Маскву, дзе пачаў працаваць выкладчыкам у амэрыканскім адукацыйным Цэнтры Маршала. Сям'я Леца жыве ў Нямеччыне, у горадзе Гарміш-Партэнкірхене, дзе валодае некалькімі сувэнірнымі крамамі. Калегі Крыстафа Леца, нібыта, пацьвярджаюць, што ён меў бізнэсовыя сувязі ва Ўсходняй Эўропе, у тым ліку і ў Беларусі.

Паводле нашых крыніцаў, заарыштаваны Лец быў у Менску яшчэ ў верасьні, і неўзабаве пасьля гэтага КГБ паведаміла пра "затрыманьне замежнага грамадзяніна, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць замежнай дзяржавы". Заўважым пры гэтым, што больш пра сваю ўдачу беларускія чэкісты не нагадвалі і ўвогуле не тлумачылі, хто менавіта быў тады затрыманы.

Такім чынам, сёньняшняе тлумачэньне адказнага супрацоўніка КГБ пра тое, што Крыстаф Лец ніякі не шпіён, а ўсяго толькі кантрабандыст, магчыма, ставіць кропку ў гэтай гісторыі. Яна азначае, што калі Лец і быў шпіёнам, дык з пэўных прычынаў для грамадзкасьці ягоны статус вырашана зьмяніць.

Між тым, Яўген Баброў паведаміў, што прыкладна да сотні замежных шпіёнаў і агэнтаў штогод выкрываецца беларускімі контравыведнікамі. Былі паўтораныя дадзеныя, якія ўлетку на старонках газеты "Московский комсомолец" абвесьціў былы старшыня КГБ Беларусі Ўладзімер Мацкевіч. Паводле Мацкевіча, за 1999-ы й першую палову 2000 году чэкістамі было выкрыта "118 кадравых супрацоўнікаў замежных выведак і 15 агэнтаў замежных спэцслужбаў".

Яўген Баброў патлумачыў, што ў лік гэтых 15 агэнтаў могуць патрапіць як грамадзяне Беларусі, гэтак і жыхары суседніх краінаў. Паведаміць — шпіёны якіх краінаў выкрытыя беларускімі чэкістамі і якая спэцслужба лідуе ў цікаўнасьці да сакрэтаў Беларусі — прадстаўнік КГБ адмовіўся.

XS
SM
MD
LG