Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збройны чын беларускае дзяржаўнасьці


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 21 сьнежня 2000 г.)

Удзельнічае: гісторык Уладзімер Ляхоўскі.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Вельмі часта антыбальшавіцкі рух случакоў называюць паўстаньнем. Але знаёмлюся з дакумэнтамі, якія нарэшце сталі даступнымі, разумееш, што 80 гадоў таму, на Слуцкай зямлі адбылася сьведамая спроба абараніць незалежнасьць Беларускай Рэспублікі са зброяй у руках і пад кліч: "Прэч польскага пана, ды й маскоўскага камісара!" Гэта быў збройны чын, масава падтрыманы сялянствам. Народ пайшоў за беларускімі нацыянальнымі дзяячамі, паўстаў за Бацькаўшчыну пад "бел-чырвона-белым" сьцягам.

Кастусь Езавітаў трапна назваў рух случакоў "Слуцкім паспалітым рушаньнем". Звычайна на пытаньне: "Чаму менавіта случакі паўсталі?", даецца адказ: паводле Рыскае дамовы Польшча й Чырвоная Расея дзялілі Беларусь, і на два тыдні Случчына аказалася без цывільнае ўлады (палякі адыйшлі, а бальшавікі яшчэ не пасьпелі заняць заходнюю частку Случчыны). Звонку яно нібыта й так.

Але ж чаму случакі выбралі трэцюю сілу ў гэтай сытуацыі — нацыянальную ўладу, беларускі лёзунг? Чаму яны былі гатовы да такога выбару й выявілі нечаканую для беларусаў актыўнасьць? Прычым не эліта, а паспалітае сялянства?"

(Ляхоўскі: ) "Адбылося гэта хутчэй не пад уплывам нацыянальнай палітычнай эліты, а з усьведамленьня народам, што ў яго выкрадаюць права на ўласнасьць, права на свабоду. Беларускаму селяніну была патрэбная зямля, на якой ён мог гаспадарыць і вольна працаваць. А для гэтага была патрэбная ўлада, якая б рэальна яго бараніла. Сваім змаганьнем случакі паказалі рэальны прыклад тварэньня беларускае дзяржаўнасьці. Яны не хацелі польскае ўлады, якая вызначалася ваеннымі рэквізыцыямі ці паборамі. Не жадалі й вяртаньня ваеннага камунізму, які рабіў зь іх парабкаў дыктатуры маскоўскіх камісараў".

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем гісторык Уладзімер Ляхоўскі. Спадар Ляхоўскі, і за царом сялянства беларускае мела праблемы, і за палякамі. А тут прыйшлі бальшавікі са сваімі абяцаньнямі зямлі, шчасьця, волі. Чаму сяляне не паверылі іхным абяцаньням?"

(Ляхоўскі: ) "З прыходам бальшавікоў беларускае сялянства адразу адчула на сябе ўвесь цяжар гвалтоўных экспрапрыяцыяў: харчовых прадуктаў, быдла, фуражу, прымусовае мабілізацыі ў Чырвоную Армію. Абяцанага сацыяльнага вызваленьня камуністы не прынесьлі. Наадварот. Зямля й сядзібы, адабраныя ў абшарнікаў, не раздаваліся безьзямельным. На іхным мейсцы бальшавікі тварылі гэтак званыя "народныя іменьні", прататыпы будучых калгасаў. Маскоўскія камісары наймалі на працу "чырвоных" і безьзямельных парабкаў. Пра ўмовы існаваньня гэтых "узорных" гаспадарак сьведчыць скарга аднаго "чырвонага" сельскагаспадарчага рабочага".

(Ракіцкі: ) "Давайце зараз паслухаем рэпартаж са Слуцкага павету, зьмешчаны ў Менскай газэце "Савецкая Беларусь" 30 верасьня 1920 году: У Слуцкім павеце ўпаўнамоцны раённае харчовае камісіі касуе загад Менскага Губэрнскага Рэвалюцыйнага камітэту №3 аб расплаце з рабочымі народных маёнткаў хлебам. Ён дае грошы? Што нам рабіць з грашыма? Палохае нас арыштам і чуць ня б'е ўсіх рабочых нагайкамі, і, наогул, умешваецца ў жыцьцё рабочых. Ён забірае ключы ў рабочых і робіць што яму ўздумаецца.
А ў маёнтку Лапухах Пукаўскае воласьці яшчэ лепш робіцца. Там упаўнамоцны зрабіў сабе пекную дачу, завёў цёплую кампанію і жыве прыпяваючы. Пагражаючы арэштам патрэбаваў ад батракоў кухарку, пакаёўку, падушкі, апошняе малако ад батрацкіх кароў, астаўляючы іх малых дзетак бяз каплі малака, патрэбаваў ад рабочага камітэту тры пуды жыта, нягледзячы на тое, што німа чым поле засяваць і карміць рабочых. Адным словам, жывуць нядрэнна і нават пазваляюць кожны дзень пракаціцца на "пары гнядых".
Значыцца, тым часам "аддыхаюць" пры сваёй уладзе і думаюць: ці ёсьць якая-небудзь розьніца паміж панам і ўпаўнамоцным, ці німа?.. (Ракіцкі: ) "Селянін думае пра зямлю, а не пра палітыку. Чым жа тлумачыцца такі нечаканы нацыянальны ўздым восеньню 1920 году беларускага сялянства, якое яшчэ зусім нядаўна, як казаў паэт, "аддвеку спала"?

(Ляхоўскі: ) "Сяляне ўбачылі — ўсё тое, што нясуць камуністы, чужое для іх. А ў камуне яны бачылі кабалу. Вось тут яны і ўхапіліся за прынцып самавызначэньня. Погляд іх быў выразна антыкамуністычны. Як трапна тады адзначыў адзін зь беларускіх палітыкаў Рыгор Злоцкі: "У Беларусі няма камуністаў сярод сялянаў-працаўнікоў. Ідэя камунізму чуждая для Беларусі. Праўда, частка да гэтай ідэі прычасная нашая інтэлігенцыя, апынуўшыся ў трагічным становішчы. Бальшыня ж насіцелем камуны зьяўляюцца бадзячы элемэнт беларускі, выхаваны на Расейскіх фабрыках".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, дзякуючы гэтым двум фактарам, уся тэрыторыя Савецкае Беларусі пакрылася партызанамі. Але сапраўдны вайсковы чын супроць бальшавікоў адбыўся, менавіта, на Случчыне. Хоць ад бальшавікоў беларускія сяляне пакутвалі паўсюль. Чаму менавіта Случчына, у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, найбольш вызначылася ў тыя гады антыбальшавіцкім змаганьні?"

(Ляхоўскі: ) "Тут было некалькі фактараў. Случчына заўсёды была вельмі моцная традыцыямі нацыянальнага вызвольнага руху. Дзейнасьць беларускіх незалежніцкіх арганізацыяў на працягу трох гадоў пасьля лютаўскае рэвалюцыі, прыносіла свой плён. Тут былі створаны рэальныя арганізацыйныя незалежніцкія суполкі, якія актыўна працавалі сярод тутэйшага жыхарства.

Случчына — сэрца Беларусі. А ейнае сялянства ды й мяшчанства вызначаліся свабодалюбівым характарам, прадпрыймальніцкай жылкаю, ды моцным краёвым патрыятызмам. Нават тамтэйшы праваслаўны клір (а Случчына — пераважна праваслаўны край) стаў на беларускія пазыцыі ды спрыяў нацыянальнай культурнай справе ў павеце.

Сялянства Слуцкага павету было дастаткова заможным. Яму было што губляць ад бальшавіцкіх экспрапрыяцыяў. Было што бараніць. Яно пазьбегла жудасьцяў прымусовай эвакуацыі ў Першую Ўсясьветную вайну. Калі, напрыклад, на Віленшчыне колькасьць прымусова-эвакуяваных — звыш 45% пераважна праваслаўных насельнікаў, на Гарадзеншчыне — каля 50%, на Берасьцейшчыне — каля 60%, дык у Слуцкім павеце гэтая лічба склала ўсяго 4,7%.

Прыватныя сялянскія гаспадаркі ў павеце не былі так моцна пашкоджаныя ды разбураныя пад час ваенных дзеяньняў, як гэта здаралася ў заходніх рэгіёнах краю. Вядома, люмпэн ды маргінал ня будзе сьвядома йсьці бараніць Бацькаўшчыну. На гэтую ахвяру пойдзе толькі заможны гаспадар".

(Ракіцкі: ) "Але ж прыйшлыя на Случчыну польскія акупанты такія грамадзкія настроі тамтэйшых жыхароў называлі "расейшчынаю" ды "бальшавізацыяй".

(Ляхоўскі: ) "На самой справе гэта былі нясьмелыя праявы беларушчыны. У гэты час беларускі рух падтрымалі павятое земства й гарадзкое самакіраваньне. У склад Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэту ўваходзіў гарадзкі галава Мікола Смольскі. Русіфікацыя яшчэ не пасьпела закрануць глыбіню душы беларуса".

(Ракіцкі: ) "Такім чынам, нацыянальную ідэю слуцкія сяляне ўсьвядомілі праз свае эканамічныя праблемы. Але паўстаньне на Случчыне было задушанае бальшавікамі, а йнакш быць і не магло, сілы былі няроўныя. Што ж далей адбывалася на Случчыне?"

(Ляхоўскі: ) "Наперадзе народ чакала скавечаныя правы асобы, грамадзяніна, уласьніка. Бязьмежнае панаваньне дыктатуры бальшавіцкіх камісараў. Пра што казаць, калі нават некаторыя сябры Кампартыі абураліся з тых парадкаў, што ўсталявала мясцовая бальшавіцкая намэнклятура".

(Ракіцкі: ) "І перадусім, яны ўсталявалі новую сваю расейска-бальшавіцкую мараль. Вось, што пісаў у сваёй заяве-скарзе камуніст Яўген Чарнамырдзік у Слуцкі павятовы камітэт РКПб 11 чэрвеня 1921 году: Выйдите вечером после запретного часа на улицу. Вы обязательно услышите раздающуюся в тиши грубую ругань начальника милиции или представителей особого поста, эхом разносящуюся по всем нашим улицам, и население знает и уверено в том, что вот где настоящий кулак революции и во имя «революционной законности» сидят у себя по домам, боясь произнести хоть одно слово в защиту своих прав. А взгляните, как происходит у нас расслоение населения; достаточно притаиться в тиши ночной, как вы услышите с особой прелестью произносящееся: «жиды», «у, жидовье». И это из уст коммуниста… Теперь вскинем одним только взглядом на жизнь нашего начальника милиции. Он здесь настоящий помещик — огромный сад-огород бывшего ксендза, огород графа Клевицкого, охраняемые и сработанные руками милиционеров, которые, между нами говоря, находятся в его личном распоряжении…, 2 лошади, несколько коров, приличное количество землицы, большее, чем у самых богатых крестьян, вспаханной и засеянной тёмными средствами… (Ракіцкі: ) "Спадар Ляхоўскі, а дух паўстаньня пасьля разгрому працягваў жыць?"

(Ляхоўскі: ) "Даўгі час Саветы не маглі сфармаваць у павеце сваю ўладную "вэртыкаль". Сялянства доўга яшчэ супрацьстаяла наежжым камісарам, пярэчучы ім, што яны ўжо абралі сваю ўладу, Беларускую Раду Случчыну".

(Ракіцкі: ) "Давайце паслухаем красамоўны ўспамін аднаго з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну, Сяргея Бусла, з 1922 году: Цяжка далося бальшавікам арганізоўваць валасныя і павятовыя іспалкомы, бо сяляне адмаўляліся браць удзел, кажучы: «Мы выбралі Раду і па 10 разоў ня будзем выбіраць». А ў вёсцы Гулевічах сабралі сход выбраць сельсавет. На сход прышоў адзін стары дзед, каторы, мабыць, даўно не хадзіў на сходы. Доўга слухаў стары на сходзе спрэчкі, а потым у канцы сказаў: «Што вы пераліваеце з пустога ў парожнае, яшчэ няма 5-ці хлопцаў-паўстанцаў зь вёскі, нешта-ж і яны думаюць». Пасьля гэтага сход ні з чым разышоўся. (Ляхоўскі: ) "Узгадаем яшчэ 25 год. Менавіта тады моладзь Случчыны пайшла на тое, каб узварушыць сялянства і ўзьняць іх зноў на супраціў бальшавікам. Гэта так званая "лістападаўская справа", якая закончылася гучнымі судовымі працэсамі ў Менску — у пачатку 26-га году".

(Ракіцкі: ) "Спадар Ляхоўскі, Вы — гісторык, адмысловец у паўстаньнях, вызвольных рухах беларусаў у ХХ стагодзьдзі, Вы дасьледвалі сотні архіўных дакумэнтаў. Асобныя нам паказалі сёньня, за што Вам дзякуй, але слухаючы Вас напрошваецца пытаньне… Няўжо беларус можа пачаць успрымаць нацыянальную ідэю толькі тады, калі яго чужацкія ці свае маргінальныя ўлады давядуць да галечы, а датуль будзе цярпець зьдзек і не высоўвацца, ня бачыць далей свайго гароду? А калі зачэпіць? Памятаеце, як у клясыка: "Я маўчу-маўчу чакаю, але хутка загукаю. Стрэльбу, хлопчыкі, бяры!"

(Ляхоўскі: ) "Беларусы тут не выключэньне. У прыродзе чалавека жадаць ды выбіраць сабе тую ўладу, якая яму гарантуе дабрабыт і свабоду. Іншая справа, што гістарычны лёс гэтае краіны такі, што ў беларуса, для адчуваньня ўласнае годнасьці былі меншыя патрабаваньні, чым у таго ж бэльгійца ці француза.

Беларус паўстане тады, калі ў яго забяруць апошняе. Калі сьцярпець апошні зьдзек ужо не магчыма. Але ён паўстане. Якімі дамовамі ды й актамі акупанты не імкнуліся замацаваць сваё захопніцтва, прыйдзе час і гэта ўсё распаўзецца "струхнелымі" ніткамі. А паняволены народ здабудзе сваю волю".

(Ракіцкі: ) "І неабавязкова селянін наш мусіць нема крычэць: "Жыве Беларусь!", "Давай беларусізацыю!". Баронячы сваю ўласнасьць, а значыць права быць свабодным, па-сутнасьці, чалавек адстойвае і тую ж Беларусь, і тую ж беларускую мову, якая ад гэтай жа зямлі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG