Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвае далейшыя санкцыі супраць кіруючага ў Афганістане руху Талібаў. Аднак некаторыя аглядальнікі выказваюць занепакоенасьць тым, што пастанова, якая афіцыйна разьлічаная на барацьбу з тэрарызмам, абернецца найперш супраць зьбяднелага насельніцтва Афганістану.

З ініцыятывай далейшых санкцыяў супраць Талібаў выступілі Злучаныя Штаты і Расея, а да распрацоўкі праекту рэзалюцыі далучыліся: Кыргыстан, Індыя і Таджыкістан. Рэзалюцыя прадугледжвае эмбарга на пастаўкі ўзбраеньня Талібам, забарону палётаў афганскага кіраўніцтва за мяжу, а таксама закрыцьцё усіх прадстаўніцтваў Талібаў ў сьвеце. Санкцыі маюць уступіць у сілу, калі на працягу 30 дзён Талібы ня выдадуць міжнароднага тэрарыста Осаму бен Ладэна і не закрыюць лягераў тэрарыстаў на сваёй тэрыторыі. ЗША лічаць, што бен Ладэн кіраваў замахамі на амэрыканскія амбасады ў Кэніі і Танзаніі два гады таму, а Расея абвінавачвае Талібаў ў падтрымцы чачэнскіх партызанаў ды іслямскіх байцоў ў іншых краінах. Прычыны ўхваленьня рэзалюцыі патлумачыла амбасадар Злучаных Штатаў ў ААН Нэнсі Содэрбэрг:

(Содэрбэрг: ) "Міжнародная супольнасьць мусіць рашуча выступіць супраць тэрарызму, і гэты важны сёньняшні крок Рады Бясьпекі зьяўляецца выразным сыгналам, накіраваным Талібам: спыніце падтрымку тэрарызму. Будзем спадзявацца, што яны, прынамсі, прыслухаюцца да гэтага сыгналу".

Пастанова Рады Бясьпекі выклікала рознагалосьсі. Пры галасаваньні над ёю паўстрымаліся ад голасу толькі прадстаўнікі Кітаю і Малайзіі. На іхную думку, міжнародная актыўнасьць Талібаў была зьведзеная амаль да нуля ўжо і да гэтага. Праціўнікі рэзалюцыі палічылі, што дадатковыя санкцыі толькі паглыбяць ізаляцыю Афганістану ў часе, калі там пачынаюцца мірныя перамовы. Кітай і Малайзія, а таксама каардынатар гуманітарнай дапамогіі ад імя ААН Эрык дэ Муль, выказалі занепакоенасьць тым, што ў выніку санкцыяў можа пацярпець найперш галоднае насельніцтва гэтай найбяднейшай у сьвеце краіны.
Дарэчы, напярэдадні галасаваньня ў Радзе Бясьпекі, ААН адклікала з Афганістану амаль усіх сваіх супрацоўнікаў. Паводле ААН, у бліжэйшую зіму голад і холад пагражае мільёнам Афганцаў. Дарогі, фабрыкі, школы і шпіталі разбураныя ў выніку 21-го году грамадзянскай вайны. У краіне адчуваецца вялікі дэфіцыт паліва і лекаў. Ледзь хаваючы сваё незадаволеньне рэзалюцыяй, генэральны сакратар ААН Кофі Анан пасьпяшыў з тлумачэньнем, што "ААН ня мае намеру ні спыняць мірных намаганьняў, ні гуманітарнай дапамогі".

Аднак амбасадар ЗША адзначыла сапраўдныя прычыны пакутаў афганскага насельніцтва:

(Содэрбэрг: ) "Прычынай галечы зьяўляецца вайна, засуха і драконаўская палітыка кіраўніцтва, а ня санкцыі супраць Талібаў. Гэтая іхная палітыка паглыбляе жахлівыя сацыяльныя і эканамічныя ўмовы жыцьця афганскага народу".

Як і можна было спадзявацца, Талібы адкінулі рэзалюцыю ААН. Міністар інфармацыі Джамал назваў ААН "ворагам ісляму" і заявіў, што ні пад якім ціскам Талібы ня выдадуць Бен Ладэна. Міністар замежных справаў Мутавакіл сказаў, што у адказ на санкцыі, Талібы будуць байкатаваць мірныя перамовы з апазыцыяй, праводжаныя пад эгідай ААН.

Газэта International Herald Tribune даволі крытычна ацэньвае сумесную ініцыятыву ЗША і Расеі. Вашынгтон даўно намаўляў іншыя краіны прадпрыняць пакаральную ваенную акцыю супраць Талібаў. Калі гэта не ўдалося, ЗША дасягнулі прынамсі абвастрэньня санкцыяў, але толькі супраць Талібаў, а ня сілаў Шах Масуда, якія ў сэнсе выканваньня правоў чалавека ня лепшыя за Талібаў. Затое дзеяньні Расеі насьцярожваюць цэнтральна-азіяцкія краіны. Яны перакананыя, што пад выглядам барацьбы з іслямскім тэрарызмам, Масква хоча аднавіць свой кантроль над рэгіёнам. Паводле International Herald Tribune, адміністрацыя Клінтана пакідае камандзе Джорджа Буша бомбу запаволенага дзеяньня.

XS
SM
MD
LG