Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Паводле статыстыкі, ў Беларусі колькасьць хворых на пранцы і ганарэю большая за эўрапейскія краіны ў 50-100 разоў. Адмыслоўцы сьведчаць, што апошнім часам сярод хворых на пранцы значна паболела вяскоўцаў. Каб палепшыць своечасовае выяўленьне венэрычных хваробаў, беларускія мэдыкі паступова адмаўляюцца ад рэпрэсіўнае сыстэмы лячэньня. Сёлета ў Беларусі былі зьліквідаваныя закрытыя стацыянары, дзе хворыя знаходзіліся літаральна за кратамі.

Сапраўдная эпідэмыя на пранцы была зарэгістраваня ў Беларусі яшчэ ў 96 годзе — тады паводле статыстыкі гэтую хваробу мелі больш за 21 тысячу чалавек. Цяпер эпідэмія крыху пайшла на спад. У мінулым годзе ў Беларусі было зарэгістравана 13 тысячаў хворых на пранцы, а сёлета за 10 месяцаў — каля 9 тысячаў.

Як адзначыў галоўны спэцыяліст у справе дэрмавенэралёгіі Міністэрства аховы здароў'я Леанід Барабанаў, апошнім часам значна павялічылася колькасьць хворых на пранцы ў вёсцы:

(Барабанаў: ) "Цяпер кожны пяты хворы на пранцы — вясковец. Вядома, што ў вёсцы мэдычная дапамога менш даступная, і санітарная культура ніжэйшая за гарадзкую. Часам узьнікаюць такія сытуацыі, калі ў вёску трапляе адна крыніца інфэкцыі, а потым ледзь ня ў кожнай хаце — хворыя на пранцы. Калісьці ў Салігорску быў зарэгістраваны 51 выпадак, потым у Барысаўскім раёне сем дзяцей захварэлі на пранцы полавым шляхам — 7, 9, 10 й 13 гадоў".

Як распавёў Леанід Барабанаў, павялічваецца і колькасьць хворых на ганарэю — за год яна падвысілася зь 10 тысячаў да 11 тысячаў чалавек. Да таго ж, паболела і іншых хваробаў, што перадаюцца полавым шляхам, такіх як ураплязмоз, мікаплязмоз, бактэрыяльны вагіноз, хлямідыёз — усяго 68 тысячаў хворых.

Але гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэчаіснасьць. Паводле крытэраў Усьсьвятнай арганізацыі аховы здароўя, каб даведацца пра сапраўдную колькасьць інфэкцыйных хваробаў, якія перадаюцца полавым шляхам, трэба колькасьць хворых на пранцы павялічыць ў 20 разоў. Такім чынам атрымліваецца 260 тысячаў, а не афіцыйныя 68 тысячаў.

Даўгі час лячэньне венэрычных хваробаў у Беларусі было, так бы мовіць, "рэпрэсіўным". Былі забароненыя ананімныя абсьледваньні, не дазвалялася амбуляторнае лячэньне, хворых людзей трымалі літаральна за кратамі. Цяпер адбываецца пэўная дэмакратызацыя гэтае сыстэмы.

Тлумачыць Леанід Барабанаў:

(Барабанаў: ) "Толькі ў Менску 60% хворых на пранцы ўжо лекуюцца амбуляторна. Ёсьць кабінэты ананімнага абсьледваньня, дзе тэсты на СНІД і пранцы можна зрабіць бясплатна. У гэтым годзе мы зрабілі чарговы крок — былі зьліквідаваныя закрытыя стацыянары, у якіх хворыя знаходзіліся за кратамі, пад аховаю міліцыянтаў. Цяпер гэта — стацыянары агульнага тыпу. Паводле беларускага Закону ў ахове здароўя прадугледжанае прымусовае абсьледваньне й лячэньне СНІДу, сухотаў ды венэрычных хваробаў. Але цяпер мы ладзім прымусовае абсьледваньне толькі з санкцыі пракурора, а прымусовае лячэньне — толькі паводле судовага рашэньня".

Леанід Барабанаў таксама паведаміў пра тое, што ў новым Крымінальным кодэксы, які набудзе моц у новым годзе, ужо ня будзе артыкулу, паводле якога людзей прыцягваюць да крымінальнае адказнасьці за сьвядомае заражэньне і адмову ад лячэньня венэрычных хваробаў.

XS
SM
MD
LG