Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Кіраўнікі новага беларуска-нямецкага радыёвяшчальнага праекту "Юністар-Радыё БДУ" растлумачылі сэнс свайго настойлівага імкненьня зьявіцца ў FM-дыяпазоне. Але з прамоваў стала зразумела: станцыя будзе трымацца звыклага забаўляльна-расейскамоўнага фармату, які ўжо маюць шэсьць зь сямі існуючых FM-станцыяў.

Нямецкі спонсар праекту — мюнхенская агэнцыя "Arbo-media", маючая сетку моладзевых станцыяў з абавязковай назваю "Star" ва ўсёй Эўропе. Гэтыя станцыі не прэтэндуюць на высокаінтэлектуальныя лаўры. Чаму БДУ вырашыла стаць сузаснавальнікам дастаткова сярэдняга праекту, застаецца без адказу.

Генэральная дырэктарка радыё "Юністар" (менавіта такім будзе скарочаны назоў) Любоў Ісачкіна адразу акрэсьліла: хоць радыёстанцыя адчынена на плошчах і пры непасрэдным удзеле БДУ, рупарам унівэрсытэту "Юністар" ня будзе. Адпаведна (можна зрабіць такую выснову) адукацыйнае ці моўнае нагрузкі новае радыё несьці таксама не плянуе.

Адносна моўных прыярытэтаў пазыцыя спадарыні Ісачкінай адназначная: "Нават не ўзьнікала падобнага пытаньня. Расейская мова была вызначаная першапачаткова, гэта быў сьвядомы выбар".

У сваю чаргу праграмны дырэктар Павал Бараноўскі дадаў: "…было б жахліва зрабіць беларуска-нямецкую радыёстанцыю і слухаць толькі беларускую ці нямецкую музыку". Далей ён канкрэтызаваў:

(Бараноўскі: ) "Хтосьці будзе адстойваць важкасьць адной мовы, нехта другой. Але склалася гістарычна, што ў нашых ВНУ выкладаньне вядзецца па-расейску. Гэта ня ёсьць прадметам для спрэчак. Што тычыцца музыкі, яна будзе арыентаваная на новае пакаленьне ад 17 да 35 гадоў: 1/3 — расейскамоўная, астатняя — заходняя".

(Карэспандэнт: ) "Ня вельмі прасочваецца сэнс стварэньня яшчэ адной копіі ўжо існуючых радыёстанцыяў. У чым, напрыклад, будзе розьніца паміж вамі ды радыё БПСМ "Стыль-радыё": у эфіры тыя ж 90% музыкі нон-стоп, мінімум інфармацыі?.."

(Бараноўскі: ) "Я не лічу, што адсоткавыя суадносіны расейскае ды заходняе музыкі могуць істотна разьмежаваць радыёстанцыі. Яны адрозьніваюцца падачаю навінаў, працаю ды-джэяў, праграмамі, і, галоўнае, якасьцю музычнага матэр'ялу. Траціна расейскамоўнае музыкі — аб'ектыўная частка, якая вытрымлівае тэст на якасьць".

Гэтак мяркуе праграмны дырэктар радыё "Юністар" Павал Бараноўскі.

На жаль, ніхто з творчых кіраўнікоў ня здолеў узяць на сябе сьмеласьць прыадчыніць некаторыя сакрэты пасьлязаўтрашняга зьяўленьня на частаце 99,5 радыё "Юністар". Вядома, што "выбіць" вольную хвалю ў Міністэрстве сувязі амаль немагчыма. У чарзе некалькі год запар безнадзейна прастойваюць дзясяткі жадаючых. Тым больш не ўдавалася трапіць у рэестар прадпрыемствам з замежным капіталам. Кіраўніцтва БДУ знайшло аргумэнты, каб надаць справе дзіўную шпаркасьць. Упарта хаваецца, колькі каштаваў уласна праект, але відавочна, што гэта грошы немалыя: 51% фінансаваньня кладзецца менавіта на беларускі бок. Немцы плянуюць забясьпечваць тэхнічную надзейнасьць.

Зрэшты, ужо праз два дні, пачынаючы з апоўдню, вартасьць радыё "Юністар" можна будзе ацаніць на частаце 99,5 FM. А ўвечары ў сталічным Палацы спорту адмыслова запрошаныя расейскія поп-зоркі пацьвердзяць і адпаведны статус радыёстанцыі.

Дарэчы, ніхто зь беларускіх музыкаў і выканаўцаў на прэзэнтацыю не запрошаны. Як, напэўна, ня знойдзецца ім месца і ў эфіры "Юністар-Радыё БДУ".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG