Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Прадпрымальнiкi Берасьця заяўляюць, што гатовыя правесьцi ўласную акцыю пратэста, не чакаючы, пакуль рашэньне пра гэта будзе прынятае iхнымi калегамi ў iншых гарадох Беларусi. Нагодаю да хваляваньняў берасьцейскiх гандляроў зьяўляюцца дзеяньнi ворганаў, якiя выдаюць пасьведчаньнi пра гiгiенiчную рэгiстрацыю тавару, што будзе рэалiзаваны на рынках гораду.

У свой час берасьцейскi Саюз прадпрымальнiкаў "Садзейнiчаньне" (якi аб'ядноўвае больш за тысячу чалавек) даволi стрымана адрэагаваў на намер гандляроў рэчавых кірмашоў Беларусi правесьцi аднадзённую акцыю пратэсту. Яна тычылася зьменаў у мытным афармленьнi тавараў, якiя былі завезеныя з Расеi, але сваiм паходжаньнем былі зь iншых краiнаў. Тады берасьцейскiя гандляры ўхвалiлi патрабаваньнi страйкаму, але далёка ня ўсе з прыватнiкаў вырашылi спынiць працу. Таму намер сяброў мясцовага Саюзу прадпрымальнiкаў распачаць уласную акцыю пратэсту выглядае вельмi нечакана.

Гандляры заяўляюць, што папярэдзiць улады пра магчымасьць правядзеньня такой акцыi iх вымушаюць дзеяньнi цэнтру гiгiены ды эпiдэмiялёгii. Калi раней прадпрымальнiкам, што гандлююць аднолькавым таварам, дазвалялася супольна зьвяртацца ў гэты ворган i прадстаўляць узоры свайго тавару, каб атрымаць пасьведчаньне пра гiгiенiчную рэгiстрацыю, дык цяпер рабiць гэта трэба кожнаму паасабку. Акрамя таго з прадпрымальнiкаў зьбiраюцца спагнаць па два мiнiмальных заробкi ў тых выпадках, калi патрабуецца працягнуць тэрмiн дзеяньня такога пасьведчаньня, бо тавар яшчэ не рэалiзаваны.

Спробы ўвесьцi новыя паборы ўжо выклiкалi нэгатыўную рэакцыю сярод берасьцейскiх гандляроў, а кiраўнiк Саюзу прадпрымальнiкаў "Садзейнiчаньне" Ўладзiмер Мазалаў, што справа можа дайсьцi да страйку. Пры гэтым спадар Мазалаў адзначыў, што менавiта дзяржаўыя ворганы правакуюць гандляроў на правядзеньне акцыi пратэсту.

Цiкава, што статут берасьцейскага Саюзу прадпрымальнiкаў не прадугледжвае такое формы барацьбы за свае правы, як арганiзацыя страйку. Таму наступствы плянуемага спыненьня працы для мясцовых гандляроў, што ўваходзяць у гэтую арганізацыю, могуць быць самымi непрадказальнымi.

XS
SM
MD
LG