Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Пэўная бачнасьць стабілізацыі на фінансавым рынку Беларусі працягнецца толькі да сярэдзіны студзеня наступнага году. Такі прагноз зрабіў сёньня на паседжаньні Нацыянальнага выканаўчага камітэту — "ценeвага" ўраду краіны — былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Паводле Станіслава Багданкевіча, які ацэньваў сёньня выкананьне бюджэту Беларусі за сёлетні год, літаральна кожная лічба ў ім патрабуе адмысловага камэнтаваньня, бо непрааналізаваны дакумэнт проста ўводзіць у зман.

Узяць, напрыклад, валавы ўнутраны прадукт. Ягоны рост паводле вынікаў году будзе ля пяцёх адсоткаў. Звонку гэта надзвычай добры вынік. Але калі пачынаеш вывучаць тое, што стаіць за прыгожай лічбаю, дык высьвятляецца, што яна атрыманая, у асноўным, таму, што шмат прадукцыі асядае на складзе, што фактычна спынена абнаўленьне вытворчых лініяў і гэтак далей…

Стабільнасьць на фінансавым рынку толькі вонкавая. Традыцыйна на прыканцы году насельнікі краіны, дзеля таго каб зрабіць калядныя і навагоднія падарункі, выцягваюць са сховаў даляры. І за кошт гэтага складаецца ўражаньне, што зь фінансамі ў краіне ўсё больш-менш нармалёва. На самой жа справе, як адзначыў спадар Багданкевіч, банкаўская сыстэма патрабуе чарговай "наркатычнай" эмісіі. І яе вынікі адмоўна адаб'юцца на дабрабыце людзей ужо ў другой палове студзеня.

Яшчэ больш жорсткія ацэнкі даў судакладчык у гэтым пытаньні былы міністар працы ва ўрадзе Міхала Чыгіра Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) "Беларускі бюджэт нельга лічыць бюджэтам, таму што ён не зьяўляецца тым дакумэнтам, які можа лічыцца законам. У Беларусі, як Вы ведаеце, бюджэт прымаецца за адну-дзьве гадзіны, таму што дэпутатам нельга кранаць ніводнай лічбы – тоё, што ўнес на абмеркаваньне прэзыдэнт, павінна быць прынятае. Што яны і робяць. Потым, напрыканцы году, прэзыдэнт сваім указам мяняе лічы і ўсе палажэньні так, як яму хочацца".

Гэта быў Аляксандар Сасноў.

Магчыма, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі разьлічвае на расейскія крэдыты. Як вядома, да канца году Масква абяцала накіраваць у Менск першы транш у памеры 30 мільёнаў даляраў. Што думае на гэты конт спадар Сасноў?

(Сасноў: ) "Справа ў тым, што Расея, калі абяцала Беларусі крэдыт на падтрыманьне беларускай валюты…гэта зусім не азначае, што грошы трапяць менавіта ў Беларусь, і разьмяркоўваць гэтыя грошы будуць менавіта чыноўнікі. Не, гэтыя грошы дастануцца толькі расейскім прадпрыемствам, якім беларускія прадпрыемствы завінаваціліся за нейкія пастаўкі тавараў. Гэты доўг беларускіх прадпрыемстваў будзе перапісаны на ўсю дзяржаву і стане зьнешнім доўгам беларускай дзяржавы перад міністэрствам фінансаў Расеі. І таму ніхто ніякіх грошай тут ня ўбачыць і ня будзе разьмяркоўваць. Адна карысьць для беларускага боку толькі ў тым, што зноў можна будзе браць у гэтых расейскіх прадпрыемстваў іх тавары і зноў не плаціць".

Гэта быў сябра ценевага ўраду Беларусі Аляксандар Сасноў.

Такім чынам, цяжка спадзявацца на тое, што новы год прынясе станоўчыя зьмены ва ўзровень жыцьця жыхароў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG