Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Моладзевае грамадзкае аб'яднаньне "Гісторыка" арганізавала сёньня ў Менску пікет у абарону старажытных гарадзкіх каштоўнасьцяў. На думку сяброў аб'яднаньня, пад пагрозаю апынуўся герб сталіцы, а таксама гістарычны цэнтар гораду, які руйнуецца са згоды менскіх уладаў.

Моладзевае аб'яднаньне "Гісторыка" вельмі занепакоенае сытуацыяй, што склалася вакол гістарычнага гербу "Унебаўзяцьце Найсьвяцейшае Дзевы Марыі" нададзенага Менску адмысловым прывілеям караля Жыгімонта Трэцяга Вазы 12 студзеня 1591 году.

У 1991 годзе Менску гістарычны герб быў вернуты, але апошнім часам гарадзкія ўлады пачалі кампанію зьмены гістарычнага сымбалю. Праўда, канчатковага рашэньня ў гэтай справе гарадзкі Савет яшчэ не прыняў, і чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ніхто мяняць гістарычны герб не зьбіраецца, а размова йдзе толькі пра ўдасканаленьне эталёну старое выявы Божае Маці.

Маладыя гісторыкі таксама абураныя руйнаваньнем будынкаў у гістарычнай частцы Менску (на месцы старых камяніцаў у Верхнім горадзе ды ў іншых раёнах узводзяцца іх сучасныя копіі), і магчымай замены назвы праспэкту Францішка Скарыны на іншую (некалі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён ня супраць такое зьмены).

Каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы захаваньня гітарычнае спадчыны Менску сёньня каля дзесяці хлопцаў і дзяўчат зарганізавалі на пляцы Бангалёр пікет.

Гаворыць прэзыдэнт аб'яднаньня "Гісторыка" Ірына Кашталян:

(Кашталян: ) "Гэты пікет павінен распачаць шэраг мерапрыемстваў па ахове помнікаў. Нядаўна ў прэсе шырока ўздымалася пытаньне па зьмене герба Менску. Гэтае пытаньне было зьнятае, але гэта не азначае, што яно ня будзе ўзьнятае зноўку, таксама як і пытаньне зьмены назваў вуліцаў. І калі гэты герб ужо 10 год зь Менскам – гэта ўжо гісторыя, і зьмяняць нешта… На гэта ж таксама патрэбныя грошы, людзі вакол жабруюць, а яны мяняць…"

— паведаміла спадарыня Кашталян.

Сябры "Гісторыкі" таксама патрабуюць ад уладаў захаваць гістарычныя гербы і іншых беларускіх гарадоў.

Сёньняшні пікет быў санкцыяваны гарадзкімі ўладамі. Сябры аб'яднаньня "Гісторыка", праўда, хацелі зарганізаваць акцыю ля Менскага гарадзкога выканкаму, але пазьней згадзіліся праводзіць пікет на Бангалёры. Пікетоўцы трымалі плякат з надпісам "Забыцца на сымбалі — адмаўляцца ад продкаў!", фотаздымкі з выявамі зьнішчаных гістарычных будынкаў Менску, а таксама раздавалі нешматлікім мінакам улёткі з заклікам бараніць гістарычную спадчыну.

Людзі ў асноўным прыязна ставіліся да патрабаваньняў пікетоўцаў. Неўзабаве, да ўдзельнікаў акцыі падыйшоў міліцэйскі маёр. Ён спраўдзіў дазвол гарадзкіх уладаў, пасьля чаго заявіў:

(Маёр: ) "Ніякіх праблемаў няма. Галоўнае, каб усё было спакойна".

Маёр таксама паабяцаў, што ніякіх эксцэсаў паміж пікетоўцамі й міліцыянтамі не адбудзецца.

Сёньняшні пікет прайшоў спакойна, але праблема ўнясеньня зьменаў у выяву гістарычнага гербу Менску застаецца. Паводле аўтара цяперашняга варыянту гербу, вядомага вучонага-геральдыста Анатоля Цітова, прадстаўнікам дзяржаўнае геральдычнае камісіі на чале з прафэсарам Сяргеям Рассадіным проста няма чым заняцца. На думку спадара Цітова, за дзесяць гадоў свайго існаваньня геральдычная служба не зрабіла нічога ў справе вяртаньня гістарычнае сымболікі і цяпер проста імітуе актыўную дзейнасьць. (Дзяржаўным геральдыстам, напрыклад, не падабаецца як намаляваныя анёлы на цяперашнім гербе й г. д.)

Паводле словаў Анатоля Цітова, пытаньне гарадзкога гербу цяпер абмяркоўваць увогуле ня варта. Гарадзкі герб, на ягоную думку, — гэта найперш сымбаль самакіраваньня, якое ў Менску цяпер замяняе прэзыдэнцкая "вэртыкаль".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG