Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Новы склад "Савету Рэспублікі", які сфармаваў свае кіроўныя ворганы і сёньня скончыў сваю першую сэсію, пакуль што ні на якія перамены ў сваёй дзейнасьці не пайшоў. Зрэшты, як і "Палата прадстаўнікоў". Незалежныя аналітыкі мяркуюць, што "Савет Рэспублікі" і надалей застанецца чыста дэкаратыўным ворганам.

Аляксандар Лукашэнка зазначаў, што ў "Савеце Рэспублікі" павінны быць самыя годныя людзі, гэтак званыя "знакавыя" фігуры. На самой справе, у другім складзе "Савету Рэспублікі", у адрозьненьне ад першага, даволі шмат вядомых і сапраўды заслужаных людзей: артысты Міхал Фінбэрг, Расьціслаў Янкоўскі, кіраўнік Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Тацяна Быкава, рэктар Унівэрсытэту культуры Ядзьвіга Грыгаровіч, а таксама рэктары яшчэ пяці буйнейшых ВНУ Беларусі, камандзіры вайсковых частак, кіраўнікі буйных прадпрыемтваў і калгасаў. У складзе гэтага воргану 15 дактароў навук, два героі сацыялістычнае працы й чатыры народныя артысты… Затое ў "Савеце Рэспублікі", які мусіць рабіць ацэнку прынятым ніжняй палатаю законапраектам, толькі тры юрысты.

Уладзімер Крук, які працаваў у першым, ды перайшоў у другое скліканьне "Савету Рэспублікі", лічыць, што гэта ўскладніць ягоную працу. Але з таго, што да трыццаці адсоткаў папярэдняга складу "Савету Рэспублікі", як і спадар Крук, засталіся ў гэтым воргане й на другі тэрмін, дык асаблівых праблемаў ня будзе. Уладзімер Крук мяркуе, што асаблівых зьменаў у працы "Савету Рэспублікі" быць і не павінна.

Гэта значыць, што па-ранейшаму гэты ворган ня будзе мець істотнага ўплыву як на заканадаўства, гэтак і на дзяржаўную палітыку. Напрыклад, першая сэсія "Савету Рэспублікі" скончылася 20 сьнежня, але Аляксандар Лукашэнка так і не прадставіў яму на зацьверджаньне новага Генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Паказальна таксама, што ў першы дзень працы "Савету Рэспублікі" новага склікання Мікола Чаргінец зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі са скаргаю, што сябрам "Савету Рэспублікі" няма дзе сядзець — не хапае кабінэтаў, дзе можна было б вывучаць законапраекты.

Няма ў "Савета Рэспублікі", як дарэчы і ў "Палаты прадстаўнікоў", сваёй бугальтэрыі — іх абслугоўвае бугальтэрыя адміністрацыі прэзыдэнта. Ахова, кіроўцы, пэрсанальныя аўтамабілі кіраўніцтва "Савету Рэспублікі" таксама прадстаўляюцца кіраўніцтвам справамі Аляксандра Лукашэнкі. І журналістаў на першае паседжаньне новага складу верхняе палаты "Нацыянальнага сходу" акрэдытоўвала прэсавая служба не "Савету Рэспублікі", але Аляксандра Лукашэнкі.

Вядомаму палітыку Аляксандру Дабравольскаму цяперашні "Савет Рэспублікі" нагадвае Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня, які быў сфармаваны паводле разнарадкі ды дзейнічаў як машына для ухваленьня партыйных рашэньняў:

(Дабравольскі: ) "Як "Палата прадстаўнікоў", так і "Савет Рэспублікі" – гэта проста дэкарацыя, якая ня мае ніякага сэнсу акрамя таго, каб прыкрываць тую ўладу, якая на самой справе кіруе краінай. Я баюся, што зараз проста ідзе вяртаньне да таго, што Вярхоўны Савет ( той, 11-га скліканьня) ператвараецца ў цяперашнюю "Палату" і "Савет Рэспублікі", якія ніякага сэнсу ня маюць апрача таго, каб ствараць уражаньне, што ў нас у краіне ёсьць парлямэнт".

На самой справе, у новым складзе "Нацыянальнага сходу" відавочныя прыкметы гэтак званага "адабрамсу" часу застою. Новы старшыня "Савету Рэспублікі" Аляксандар Вайтовіч быў прызначаны ў гэты ворган Аляксандрам Лукашэнкам. Ён, ягоны намесьнік і старшыні камісіяў былі абраныя на безальтэрнатыўнай аснове і ўсе — амаль аднагалосна.

А што да таго, што ў новы склад "Савету Рэспублікі" ўвайшло шмат артыстаў, рэктараў ды іншых вядомых людзей, дык некаторыя сябры "Савету Рэспублікі" пабойваюцца, што ім гэты ворган патрэбен для лябіяваньня інтарэсаў сваіх, пераважна бюджэтных установаў.

XS
SM
MD
LG