Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень работнікаў КГБ, Зінаіда Ганчар заявіла, што за ёй сочаць невядомыя супрацоўнікі гэтага ведамства. З новымі акалічнасьцямі справы ў зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага выступіла таксама Ірына Красоўская.

Тое, што напярэдадні зьнікненьня Віктара Ганчара ў верасьні мінулага году за ім і ягонай кватэраю сачылі невядомыя асобы, ужо не адмаўляе цяпер і сьледзтва ў гэтай справе. Аднак, сачэньне за сям'ёй Ганчароў, магчыма, дагэтуль працягваецца. Пра гэта заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў праваабарончым цэнтры "Вясна" Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара.

Зінаіда Ганчар сказала, што ня ведае дакладнага адрасу ведамства, якое за ёй пільнуе, але мяркуе, што гэта чэкісты або іхныя калегі зь міліцыі: "Так, так, яны ходзяць за мною. Мне здаецца, гэта робіцца дзеля таго, каб псыхалягічна на мяне націснуць, прымусіць замаўчаць", — мяркуе Зінаіда Ганчар.

Паводле ейных назіраньняў, асобы, што сочаць за ёю, працуюць ня вельмі прафэсійна. Мэты гэтага сачэньня Зінаіда Ганчар лічыць спробаю псыхалягічнага ціску на яе: "Каб я не чапляла іхных начальнікаў, каб не перашкаджала ім, магчыма, каб зрабіла як Вольга Захаранка, якая не вытрымала такога ж ціску і зьехала ў Нямеччыну. Інакш да мяне прыставілі б такіх добрых шпікоў, якіх бы я не заўважыла, а гэтыя — проста невукі. Калі яны губляюць мяне з полю зроку, дык пачынаюць мельцяшыць і гэтым сябе выдаюць".

Зінаіда Ганчар паўтарыла сваю ранейшую заяву адносна зацікаўленасьці Аляксандра Лукашэнкі ў зьнікненьні ейнага мужа. Таму яна лічыць, што сьледчыя перш за ўсё мусяць адпрацоўваць гэтую вэрсію.

Цікавай інфармацыяй падзялілася і Ірына Красоўская. Жонка зьніклага разам з Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага паведаміла, што знойдзеныя сьведкі, якія бачылі, як нейкія людзі ў цывільным прыблізна ў той час, калі Ганчар і Красоўскі пакідалі лазьню на вуліцы Фабрычнай, не пускалі мінакоў у гэты раён:

"Маладыя людзі ў цывільным… — яны іх спынілі, і хаця ўжо быў позьні час, каля 11-й вечара, пад рознымі падставамі не прапускалі людзей прайсьці праз двор побач з лазьняю, дзе ўсё і адбылося зь Віктарам і Анатолем", — распавяла Ірына Красоўская.

Паведаміўшы гэтыя зьвесткі, яна спаслалася на сьледчага Новікава, які вядзе справу Ганчара й Красоўскага. Быццам бы сьледчы сказаў ёй пра такіх сьведкаў, аднак іхных паказаньняў сама жонка Анатоля Красоўскага ня бачыла. Азнаёміцца з матэрыяламі сьледзтва ёй не дазваляюць.

Адзін з чальцоў грамадзкае камісіі ў пошуках Ганчара й Красоўскага, вядомы праваабаронца Алег Воўчак заявіў у гэтай сувязі, што праваабаронцы ўжо неаднаразова зьвярталіся да ўладаў з просьбаю азнаёміць сваякоў зьніклых з папярэднімі вынікамі расьсьледваньня, але згоды не атрымалі. Усё, што вядома сьледзтву, хаваецца ў сакрэце й грамадзкасьць можа толькі здагадвацца, як ідуць справы. "На нашую думку, сьледзтвы ў гэтых справах, як і ў справах Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага ўжо нікуды ня йдуць, яны ў тупіку", — падзяліўся сваім меркаваньнем праваабаронца з арганізацыі "Вясна" Барыс Гюнтар.

Зінаіду Ганчар ды Ірыну Красоўскую журналісты спыталі, як яны ставяцца да зьвестак адносна лёсу Віктара Ганчара, якія надоечы распаўсюдзіў ананімны супрацоўнік КГБ. Нагадаю, паводле гэтага ананіма Ганчара й Завадзкага зьнішчыла адная і тая ж група, зь якою зьвязаны асабістыя ахоўнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Зінаіда Ганчар шчыра сказала, што не выключае і самага горшага, але, на ейную думку, не было патрэбы выкрадаць Ганчара толькі дзеля таго, каб зьнішчыць. Гэта можна было зрабіць прасьцей. Ірына Красоўская таксама ня схільная верыць ананіму з КГБ. На ейную думку, гэтая інфармацыя распаўсюджаная дзеля таго, каб запалохаць усё грамадзтва напярэдадні важных падзеяў будучага году: "Гэта спосаб ціску на нас, на нашыя сем'і ды на ўсіх тых, хто яшчэ верыць у нейкія зьмены", — казала Ірына Красоўская.

XS
SM
MD
LG