Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Cтаршыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык не выключае свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2001 году ў якасьці кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёньня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай удзелу беларускіх прафсаюзаў у нарадзе Міжнароднай Арганізацыі працы.

Ці зьбіраецца Ўладзімер Ганчарык у наступным годзе балятавацца ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь? На гэтае пытаньне нашага радыё старшыня Фэдэрацыі адказаў сёньня наступным чынам:

(Ганчарык: ) "Ці буду? У мяне былі і сёньня яшчэ будуць сустрэчы, гэтае пытаньне абмяркоўваецца, але гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на пленуме Фэдэрацыі прафсаюзаў, які будзе ў першым квартале налета".

— паведаміў Уладзімер Ганчарык.

Далей ён патлумачыў, што гэтая пазыцыя вынікае з рашэньняў восеньскага зьезду Фэдэрацыі, дэлегаты якога выказаліся за ўдзел прафсаюзаў у маючых адбыцца выбарах кіраўніка Беларусі.

Але пакуль, паводле словаў Ганчарыка, няма пэўнасьці наконт формы й зьместу такога ўдзелу. Гэта можа быць прафсаюзная падтрымка палітычнага блёку пад умоўным назовам "У новы век з новым прэзыдэнтам" або вылучэньне прафсаюзамі "свайго" кандыдата. Старшыня Фэдэрацыі паведаміў, што ягоная асабістая пазыцыя будзе залежаць ад рашэньня пленуму. Зрэшты, ужо зараз, сказаў ён, вядуцца ў гэтым пытаньні ў прафсаюзным асяродку актыўныя кансультацыі.

Адначасова прафсаюзныя лідэры вядуць перамовы з прадстаўнікамі палітычных структураў, якія бачаць Фэдэрацыю "саюзніцаю" у прэзыдэнцкай кампаніі. Сёньня лідэр Фэдэрацыі абвясьціў і сваё бачаньне тактыкі маючых адбыцца выбараў. Паводле ягоных словаў, выходзіць на выбары лепей не зь некалькімі, альтэрнатыўнымі Лукашэнку кандыдатамі, а з адной камандаю. У гэтай камандзе мусяць быць абвешчаныя імёны магчымых прэзыдэнта, прэм'ера, іншых асобаў, якія ў выпадку перамогі зоймуць ключавыя пасады. Гэтая каманда, на думку Ганчарыка, мусіць знайсьці кампраміс на агульнай палітычнай плятформе.

Кампраміс, паводле словаў старшыні Фэдэрацыі, мог бы грунтавацца, у прыватнасьці, на абвяшчэньні такіх мэтаў як намер бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай дзяржаваю і рэфармаваць яе эканоміку. Другі варыянт альтэрнатывы Лукашэнку, на думку Ганчарыка — стварэньне двух блёкаў: "правага" і "левага".

Што тычыцца прафсаюзных справаў, дык, як прагучала на прэсавай канфэрэнцыі, старшыня Фэдэрацыі днямі ў Швайцарыі браў удзел у Эўрапейскай рэгіянальнай нарадзе Міжнароднай Арганізацыі працы. На нарадзе, як паведаміў Ганчарык, шырока гучала тэма парушэньня ў Беларусі прафсаюзных правоў.

Нарада прыняла адмысловую заяву, у якой выказаныя пратэст і папярэджаньне беларускім уладам у недапушчальнасьці ў краіне ціску на прафсаюзы. Гэткую пазыцыю выказалі ў Жэневе абсалютная бальшыня замежных прафсаюзаў, урадаў і працадаўцаў. Яны заклікалі генэральнага дырэктара Міжнароднай Арганізацыі працы прыняць усе захады да ўсталяваньня ў Беларусі парадкаў, якія б грунтаваліся на міжнародных стандартах у сфэры працоўных стасункаў.

Уладзімер Ганчарык так пракамэнтаваў нашаму радыё рашэньне Жэнеўскага форуму:

(Ганчарык: ) "Тая пазыцыя, якая выказаная прадстаўнікамі ўрадаў, яна гаворыць аб тым, што гэта будуць сур'ёзныя дзеяньні. А палітычна – гэта ізноў непрызнаньне, гэта ізноў ізаляцыя, гэта магчымыя санкцыі эканамічныя і гэтак далей. Я б не хацеў гэтага, але да гэтага справа ідзе,"

— зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG