Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Учора на адкрыцьці першай сэсіі так званага "Савету Рэспублікі" Аляксандар Лукашэнка выступіў з праграмнай прамовай. Накірункі ўнутранай палітыкі, вызначаныя кіраўніком дзяржавы, камэнтуе Юры Дракахруст.

Прамова Аляксандра Лукашэнкі насіла цалкам перадвыбарчы характар, перадвыбарчы як у ідэйным, гэтак і ў арганізацыйным сэнсе. Ужо зараз можна сказаць, што разьдзьмуваньне антызаходніцкіх настрояў будзе ці не галоўнай тэмаю яго перадвыбарчай кампаніі. "Апазыцыя ня мае аніякай падтрымкі ў грамадстве", "апазыцыя – купленыя агенты Захаду", "апазыцыя хоча гвалтоўна скінуць уладу" – гэтыя няхітрыя тэзы Лукашэнка паўтараў на працягу сваёй прамовы ў розных варыянтах.

Варта адзначыць, што пры ўсёй сваёй антызаходніцкай ваяўнічасьці Лукашэнка зрабіў у сваёй прамове і пэўныя рэверансы ў бок Захаду. Пагрозы на адрас групы АБСЭ былі спалучаныя з тлумачэньнямі, што выганяць групу з краіны ніхто не зьбіраецца, маўляў, папалохаць папалохаем, але ўсе масты спальваць ня будзем. Вельмі квола ў прамове прагучала і каронная лукашэнкаўская расейская тэма – словазлучэньне "саюзная дзяржава" не прыгавалася ў ёй аніводнага разу.

Але найбольш нехлямяжымі выглядалі спробы прадэманстраваць пэўную гнуткасьць ва ўнутраных справах. Тут ужо Лукашэнку давялося абыходзіцца з агульнавядомымі фактамі асабліва вольна. Ён паведаміў пра вельмі пяшчотнае стаўленьне да творчай інтэлігенцыі, асабліва прыгадаўшы Быкава, Бураўкіна, Барадуліна. Каб паверыць у гэта, трэба забыць тую плыню зьнявагаў, якую публічна абрынаў на галаву Быкава і сам Лукашэнка, і ягоныя прапагандысцкія салаў'і.

"Чаму кіраўнік дзяржавы мусіць падтрымліваць публікацыю верша "Забі прэзыдэнта?" Мы ж нікога не пасадзілі, нікога не пакаралі," – заявіў прамоўца. Але ж аўтара прыгаданага верша Славаміра Адамовіча якраз і пасадзілі. Апазыцыя, паводле словаў кіраўніка дзяржавы, рыхтуе для намэнклятуры у выпадку сваёй перамогі закон пра люстрацыю. Я, маўляў, саджаю вас паасобку, а апазыцыя пасадзіць усіх разам. Але адкуль узяўся гэты закон – невядома. Да таго ж, значную частку апазыцыі складаюць былыя лукашэнкавыя паплечнікі і былая намэнклятура, за што ён часам іх і папікае. Чаму гэтыя людзі будуць душыць такіх жа, як яны – незразумела. Але што ня скажаш і якія факты не перакруціш, каб адвесьці ад сябе пагрозу? А вось якую?

Надрыў, які істотна адчуваецца ў шэрагу апошніх прамоваў Лукашэнкі, з аб'ектыўнага пункту гледжаньня цяжка патлумачыць. Паводле апытаньняў, яго рэйтынг істотна пераўзыходзіць рэйтынгі яго магчымых апанэнтаў, ніякіх абвалаў у эканоміцы не назіраецца – інакш кажучы, ён мае неблагія шанцы перамагчы нават і на свабодных выбарах. Ці палажэньне кіраўніка Беларусі як дома, гэтак і на расейскім накірунку на самой справе нават горшае, чым гэта ўяўляецца самым вялікім яго недабразычліўцам?

Нельга выключаць і тое, што надрыў – вынік адданай працы ізноў прызначаных "сілавікоў", "замкнёнае кола": ім загадалі выкрываць змовы – яны і выкрываюць, меркаваныя выбары апазыцыйнага кандыдата ператвараюцца пад таленавітым чэкісцкім пяром ў выбары апазыцыйнага прэзыдэнта, наглядальнікі на выбарах – у паўстанскае войска, аснашчанае заходняй зброяй і выбухоўкаю, кіраўнік групы АБСЭ сп-р Вік – у шэфа шпіёнаў, якіх беларускія чэкісты вынаходліва ловяць. Ім – зорачкі і падвышэньні, Лукашэнку – нэўроз: вакол ворагі.

Хаця больш верагодна, што эмоцыі гэтыя – уяўныя, а за імі – жалезная лёгіка дыктатуры. Ня трэба шанцаў перамагчы, вялікіх ці малых, патрэбная поўная гарантыя перамогі. Адсюль і навязлівыя сьцьверджаньні, што рэйтынг апазыцыі нулявы (што няпраўда), і жаданьне атаясаміць сябе з дзяржаваю, і спробы прадставіць апазыцыянэраў шпіёнамі і тэрарыстамі. Са шпіёнамі якое ж перадвыбарчае спаборніцтва? Што зь імі рабіць – вядома.
Бо і на ўласным досьведзе 1994 году, і на нядаўнім югаслаўскім досьведзе, які ў камандзе Лукашэнкі, гледзячы па ўсім, пільна вывучаюць, кіраўнік дзяржавы ведае: выбарчая скрыня – таямніца.

XS
SM
MD
LG