Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Замежныя дыпляматы ў Беларусі нічога ня ведаюць пра тых шпіёнаў, пра затрыманьні якіх паведаміў напярэдадні Аляксандар Лукашэнка. Нямецкая амбасада ніяк не камэнтуе верасьнёўскі арышт грамадзяніна Нямеччыны, а дыпляматычныя місіі Польшчы ды ўсіх трох дзяржаваў Балтыі кажуць, што ня маюць зьвестак пра затрыманьне сваіх грамадзянаў як шпіёнаў.

Хаця Аляксандар Лукашэнка ўчора паведаміў журналістам, што затрыманы тры месяцы таму ёсьць грамадзянінам Нямеччыны, а ў панядзелак "Белорусская газета" перадрукавала артыкул нават зь ягоным прозьвішчам ды пасадаю — Крыстаф Лец, супрацоўнік цэнтру Джорджа Маршала ў горадзе Гарміш-Партэнкірхэн — нямецкая амбасада ў Менску гэтага не пацьвярджае ды не абвяргае. У амбасадзе кажуць толькі адно:

(Супрацоўніца амбасады: ) "Не, ніякіх камэнтароў амбасада не дае".

(Карэспандэнт: ) "І ня будзе даваць?"

(Супрацоўніца амбасады: ) "Не дае ніякіх камэнтароў".

Сказалі ў аддзеле прэсы амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

Больш кантактнымі выявіліся дыпляматычныя місіі Польшчы й краінаў Балтыі. Польскі амбасадар у Менску Марыюш Машкевіч заявіў, што ані ён, ані іншыя дыпляматы Польшчы ў Беларусі нічога ня ведаюць пра "паляка-шпіёна", пра затрыманьне якога ўчора паведаміў Аляксандар Лукашэнка.

Першы сакратар летувіскай амбасады Рынатас Юшка на пытаньне пра шпіёна-"прыбалта" адказаў гэтак:

(Юшка: ) "Нам аб гэты ведама роўна столькі, колькі і іншым з учорашніх СМІ і інтэрвію прэзыдэнта, якое было паказанае па нацыянальным тэлебачаньні. Ніякай іншай інфармацыі мы як пасольства не атрымлівалі, няма ніякіх вестак аб грамадзянах Літвы, якія былі б затрыманыя па тых абвінавачаньнях, якія Вы ведаеце".

Зазначыў спадар Юшка.

Ягоны латыскі калега Нілс Ёстс сказаў амаль тое самае:

(Ёстс: ) "Няма шпіёна".

(Карэспандэнт: ) "Ну гэта не латыскі шпіён? І пасольства Латвіі ніякай інфармацыі…"

(Ёстс: ) "У нас няма ніякай інфармацыі аб гэтым, і я думаю, што тады і няма…"

Паведаміў спадар Ёстс.

Гэнэральны консул Эстоніі ў Менску Яанус Вару на пытаньне, ці ня ёсьць затрыманы "прыбалтыйскі" шпіён эстонскім грамадзянінам ці жыхаром, адказаў наступным чынам:

(Вару: ) "У прынцыпе, як Вы ведаеце, такія пытаньні не камэнтуюцца, але магу сказаць, што ў нас такіх дадзеных няма. Гэта значыць, што можаце напісаць, што мы такой інфармацыі ня маем".

Сказаў спадар Вару.

Дыпляматы краінаў Балтыі ў размове са мною казалі, што "прыбалтам" у шырокім разуменьні гэтага тэрміну можа быць і швэд, і фін, а яшчэ — жыхар Калінінградзкае вобласьці Расеі. Можа беларускі КГБ затрымаў шпіёна з саюзнае дзяржавы? — жартам пыталіся балтыйскія дыпляматы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG