Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Пасьля больш чым двух месяцаў жорсткай канфрантацыі ізраільцяне і палестынцы зноў мяркуюць вярнуцца да поўнамаштабных мірных перамоваў. Сёньня ў Вашынгтоне павінны адбыцца сэпаратныя перамовы абодвух бакоў з амэрыканскай адміністрацыяй. Тым часам сам Ізраіль зноў стаіць перад выбарам палітычнай будучыні – тут магчымыя кандыдатуры новага прэм'ера.

Ізраільскі парлямэнт – Кнэсэт ухваліў закон, які дазваляе былому прэм'ер-міністру Нетаньягу быць пераабраным на гэтую пасаду яшчэ раз. У сувязі з рашэньнем цяперашняга прэм'ера Эгуда Барака пайсці ў адстаўку наступныя нечарговыя выбары прызначаныя на люты. Аднак Нетаньягу даў зразумець, што ён ня будзе балятавацца ў гэтых выбарах, калі яму прыйдзецца працаваць з цяперашнім фракцыйным парлямэнтам. Гэты папулярны палітык дамагаецца, каб заканадаўцы прынялі яшчэ адзін закон пра роспуск парлямэнту, і такім чынам новы прэм'ер быў бы абраны разам з новым Кнэсетам.

Калі Нетаньягу стрымае сваё абяцаньне не прэтэндаваць толькі на прэм'ерства, адзначае сёньня газэта Washington Post, то, выглядае, галоўным прэтэндэнтам на замену Бараку можа быць лідэр партыі Лікуд Арыэль Шарон, які, аднак, менш папулярны, чым Нетаньягу.
Дагэтуль, піша далей газэта, палітычная сытуацыя ў Ізраілі застаецца няяснай, яна можа нечакана зьмяніцца з нейкім крокам ці сюрпрызам апошняй хвілі. Паводле новага заканадаўства, на пасаду прэм'ера цяпер можа прэтэндаваць кожны грамадзянін, а ня толькі сябры Кнэсету. Да чацьвярга усе патэнцыйныя кандыдаты павінны заявіць пра свае намеры балятавацца. Сярод магчымых прэтэндэнтаў разглядаецца і імя яшчэ аднаго экс-прэм'ера – Шымона Пэрэса, аднаго са старэйшых ізраільскіх палітыкаў, ляўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Паводле сацыялягічных апытаньняў Пэрэс апярэджвае па папулярнасьці адыходзячага прэм'ера Барака, аднак саступае кандыдатам ад правых партыяў.

Палітычнае спаборніцтва ізраільскіх палітыкаў разгортваецца на фоне палестынскага паўстаньня, якое ўжо працягваецца трэці месяц і забрала жыцьці больш як 300 чалавек. Нявырашанасьць гэтага канфлікту падламіла папулярнасьць Барака і яго Партыі Працы. Эгуд Барак, як нагадвае Washington Post, быў прыхільнікам мірных перамоваў з палестынцамі і большых саступак тэрыторыі ў абмен на замірэньне. Між тым, абодва магчымыя пераемнікі Барака – як Беньямін Нетаньягу, так і Арыэль Шарон зьяўляюцца прыхільнікамі больш жорсткай лініі ў стасунках з арабскімі суседзямі.

XS
SM
MD
LG