Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Юры Дракахруст, Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня ў нашай праграме – агляд 10-ці галоўных падзеяў году, падзеяў, якія прыцягнулі увагу сьвету, а магчыма, вызначылі выклікі, на якія чалавецтву давядзецца шукаць адказы у будучым стагодзьдзі. Рэвалюцыя ў Югаславіі і Расея Пуціна, выбарчы крызыс у ЗША і ўзрушэньні на Блізкім Усходзе, пашырэньне Эўразьвязу і глябалізацыя, трыюмфы ўсясьветнай навукі і зьнішчэньне дэмакратыі ў пастсавецкіх краінах, і нарэшце – посьпехі міжнароднага правасудзьдзя і нафтавы крызыс…

Першы сюжэт года: Югаславія разьвітваецца з дыктатураю.

"Вы абараняеце яго! Сорам Вам! Ідзіце да нас, браты, камандзір, ідзі да нас! Мы вас ня будзем чапаць!" – Так крычалі ў кастрычніку маніфэстанты на вуліцах Бялграду, зьвяртаючыся да паліцыі.

13 год таму партыйнае кіраўніцтва Югаславіі накіравала малавядомага функцыянэра Мілошавіча ў Косава, каб урэгуляваць канфлікт паміж албанцамі і сэрбамі. Замест гэтага Мілошавіч выступіў з яркаю нацыяналістычнай прамоваю ў абарону сэрбаў. У 90-х гадох нацыяналізм бялградзкага кіраўніцтва спарадзіў сэрыю крывавых войнаў, пры гэтым нават паразы Мілошавічу ўдавалася выкарыстоўваць для ўмацаваньня сваіх уладных пазыцыяў у Сэрбіі. Летам гэтага году дэпутаты Сацыялістычнай партыі памянялі Канстытуцыю, каб даць магчымасьць Мілошавічу балятавацца ў прэзыдэнты трэці раз. Але Мілошавіч пралічыўся: папулярнасьць яго ўпала да вельмі нізкага ўзроўню, апазыцыя здолела аб'яднацца, і адзіны кандыдат апазыцыі Ваіслаў Каштуніца перамог на прэзыдэнцкіх выбарах. Мілошавіч спачатку спрабаваў "скрасьці" перамогу Каштуніцы, але сотні тысячаў людзей, якія выйшлі на вуліцы сэрбскіх гарадоў, прымусілі яго сысьці.

Наступны сюжэт: Расея Ўладзіміра Пуціна.

Летам мінулага году імя Ўладзіміра Пуціна нічога не казала пераважнай большасьці людзей. Летам 2000 году мала хто ня ведаў чалавека, якога Борыс Ельцын, сышоўшы ў адстаўку ў апошні дзень 1999 году, назваў сваім пераемнікам. Адной з галоўных прычынаў яго палітычнага ўзьлёту стала аднаўленьне баявых дзеяньняў у Чачні, якое грамадзская думка зьвязала з яго імем. На сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах Пуцін атрымаў пераканаўчую перамогу. Шмат на каго ў сьвеце зрабілі добрае ўражаньне ягоныя абяцаньні працягваць палітычныя і эканамічныя рэформы і змагацца з карупцыяй. Але некаторыя крокі новага крамлёўскага кіраўніка, у прыватнасьці, у адносінах да свабоды слова, выклікалі перасьцярогу. Пуцін ухваліў, ці не спыніў, затрыманьне карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага, рэпартажы якога пра чачэнскую вайну выклікалі незадавальненьне расейскіх уладаў. Журналіст быў вызвалены толькі пасьля энэргічных пратэстаў міжнароднай грамадзкасьці. У траўні ўлады распачалі кампанію ціску супраць канцэрну Мэдыя-Мост, СМІ якога крытыкавалі ўрадавую палітыку. Кіраўнік канцэрну Гусінскі быў арыштаваны. Потым ён быў вызвалены, яму далі магчымасьць выехаць за мяжу, але ў сьнежні на просьбу расейскіх уладаў ён быў ізноў арыштаваны ў Гішпаніі. Яго абвінавачваюць у махлярстве. Паводле меркаваньня намесьніка кіраўніка канцэрну Мэдыя-Мост Ігара Малашэнкі, перасьлед Гусінскага мае чыста палітычныя прычыны. У чэрвені Малашэнка казаў:

"Арышт Гусінскага ў Маскве – гэта, з аднаго боку, палітычная помста за працу нашых мэдыяў, з другога боку – гэта акт запалохваньня журналістаў".

Трэці сюжэт года: выбарчы крызіс у Амэрыцы.

Дэмакратычны механізм Злучаных Штатаў Амэрыкі, які шмат кім лічыцца ўзорным, у 2000 годзе даў сбой. Раніцай 8 лістападу амэрыканскія тэлеканалы, вядомыя сваімі беспамылковымі прагнозамі выбараў, паведамілі, што перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах атрымаў рэспубліканец Джордж Буш. Ягоны апанэнт Эл Гор нават павіншаваў Буша з перамогаю, але потым узяў віншаваньне назад: высьветлілася, што вынікі галасаваньня ў ключавым штаце Флярыда надта блізкія. Высьвятленьне таго, каму ж аддалі перавагу выбаршчыкі, расьцягнулася больш чым на месяц, у спрэчцы ўзялі ўдзел мясцовыя суды, Вярхоўны суд Флярыды і Вярхоўны суд ЗША. Пасьля таго, як Вярхоўны суд краіны зрабіў немагчымым пералік спрэчных бюлэтэняў, Эл Гор, паводле яго словаў "у інтарэсах адзінства нацыі", адмовіўся ад далейшай барацьбы, прызнаў сваю паразу, і паўторна, ужо канчаткова, павіншаваў Буша з перамогаю.

Чацьверты сюжэт году: выбух гвалту на Блізкім Усходзе.

Фармальнай падставаю для новай хвалі гвалту на Блізкім Усходзе стаў візыт правага ізраільскага палітыка Шарона на Храмавую гару ў Ерузаліме, якая лічыцца сьвятыняй як для юдэяў, гэтак і для мусульманаў. Пасьля гэтага палестынцы распачалі інтыфаду – вайну камянёў, ізраіліцяне адказалі на гэты жорсткімі акцыямі падаўленьня. За 11 тыдняў крызысу загінула больш за 300 чалавек, у асноўным палестынцы. "Ахвяраю" крызысу стаў і прэм'ер Ізраілю Эхуд Барак, які ў 2000 годзе зрабіў вялікія высілкі дзеля заключэньня ізраільска-палестынскай мірнай дамовы. У сьнежні ён быў вымушаны пайсьці ў адстаўку.

Наступны сюжэт 2000 году: пашырэньне Эўразьвязу.

10 краінаў Усходняй Эўропы, а таксама Кіпр і Мальта, прыводзілі сваё заканадаўства і свае эканомікі ў адпаведнасьць са стандартамі Эўразьвязу. Яны разьлічваюць у 2003-2004 гадох стаць сябрамі гэтага эканамічнага саюзу Эўропы. Сам Эўразьвяз увесь мінулы год пасьлядоўна рыхтаваўся да прыёму новых сябраў. Як казаў упаўнаважаны Зьвязу ў пытаньнях пашырэньня Гюнтэр Фэргойгэн:

"Мы лічым, што працэс пашырэньня трэба пачынаць, і што дасягнуты значны прагрэс у нашым супрацоўніцтве. Мы нагадваем, што пашырэньне застаецца нашым вышэйшым стратэгічным прыярытэтам".

У сьнежні ў французкай Ніцы кіраўнікі краінаў Зьвязу пасьля складаных дыскусіяў падпісалі пагадненьне, якое стварае палітычныя ўмовы далучэньня да Эўразьвязу новых сябраў.

Шосты сюжэт году: глябалізацыя і яе праціўнікі.

У 2000 годзе адзінства сьвету ўзмацнілася, узрасла роля міжнародных інстытутаў, такіх як Міжнародны Валютны Фонд, Усясьветны Банк і Ўсясьветная Гандлёвая Арганізацыя. На думку бальшыні эканамістаў і палітыкаў гэтыя інстытуты спрыяюць устойлівасьці сьвету, падвышэньню жыцьцёвых стандартаў. Але працэс узмацненьня ўзаемазалежнасьці спарадзіў і супраціў – антыглябалізацыйны рух, удзельнікі якога лічаць, што глябалізацыя вядзе да ўзбагачэньня купкі дзяржаваў за кошт паглыбленьня галечы бедных краінаў. Гэтыя супярэчнасьці ўвосень гэтага году адлюстраваліся ў маніфэстацыях у Празе падчас правядзеньня штогадовага сумеснага пасяджэньня МВФ і Ўсясьветнага банку. "Раздаві МВФ! Раздаві МВФ!" – крычылі маніфэстанты, якія хацелі сарваць пасяджэньне міжнародных фінасавых арганізацыяў у чэскай сталіцы.

Сюжэт сёмы: трыюмф навукі.

Гэты год прынес чарговыя навуковыя трыюмфы. Найбольш значнымі сярод іх сталі стварэньне стацыянарнай касьмічнай станцыі і расшыфроўка геному – генэтычнага коду чалавека. Абодва дасягненьні сталі вынікамі шматгадовай працы міжнародных калектываў навукоўцаў. Адзін з дасьледчыкаў геному чалавека Фрэнсіс Кольлінз схарактарызаваў вынік працы наступным чынам:

"Навука – гэта падарожжа ў невядомае. Сёньня мы адзначаем чарговы этап гэтага падарожжа – пазнаньне саміх сябе. Паэт Аляксандар Поуп пісаў: "Спазнай самога сябе. Бог непазнавальны. Чалавецтва мусіць спазнаць чалавека". Што можа быць найважнейшым для чалавецтва, чым прачытаць кнігу свайго жыцьця?"

Восьмы сюжэт году: нарастаньне аўтарытарных тэндэнцыяў у пастсавецкіх краінах.

Выбары, што на працягу 2000 году прайшлі ў шэрагу пастсавецкіх краінаў, узмацнілі пэсымізм наконт магчымасьці іх хуткай дэмакратычнай трансфармацыі. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў ува Ўзбэкістане, што адбыліся ў студзені, за дзейнага прэзыдэнта Іслама Карымава прагаласаваў нават яго адзіны канкурэнт на выбарах. На парлямэнцкіх выбарах у Таджыкістане прапрэзыдэнцкая партыя атрымала львіную долю галасоў у парлямэнце. У Кыргызстане суды і выбарчыя камісіі не дапусьцілі да перадвыбарчай барацьбы найбольш уплывовых апанэнтаў існуючай улады як на парляманцкіх, гэтак і на прэзыдэнцкіх выбарах. Шэраг незалежных кандыдатаў былі выключаныя з перадвыбарчай барацьбы і на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. Міжнародныя арганізацыі з прычыны відавочных недэмакратычных умоваў беларускіх парлямэнцкіх выбараў вырашылі не дасылаць на іх сваіх назіральнікаў. Пераважную большасць галасоў на выбарах парлямэнту Азэрбайджану атрымала партыя на чале з сынам дзейнага прэзыдэнта Аліева. Паводле меркаваньня АБСЭ, выбары ва ўсіх гэтых краінах не адпавядалі мінімальным стандартам дэмакратыіі.

Сюжэт дзявяты: міжнародная законасьць.

2000 стаў годам узрастаньня ролі міжнароднага правасудьдзя.
Высілкі Гішпаніі дамагчыся выдачы ёй былога чылійскага дыктатара Піначэта, хаця і скончыліся няўдачаю, але прадэманстравалі, што нават кіраўнікі дзяржаваў не валодаюць імунітэтам супраць перасьледу за злычынствы супраць чалавечнасьці. У канцы гэтага году ў Чылі Піначэт быў усё ж такі прыцягнуты да судовай адказнасьці за грубыя парушэньні правоў чалавека падчас яго праўленьня. У Турцыі лідэр курдскіх паўстанцаў Аджалан быў асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Але потым Турцыя – кандыдат у сябры Эўразьвязу, пагадзілася, каб Эўрапейскі суд у правох чалавека разгледзеў скаргу Аджалана.

Важную ролю ва ўсталяваньні міжнароднай законасьці адыгралі рашэньні трыбуналу ААН па былой Югаславіі. У сакавіку тры басьнійскіх сэрбы былі асуджаныя за згвалтаваньні – першы выпадак, калі сэксуальныя злачынствы былі кваліфікаваныя, як ваеныя злачынствы. Трыбунал таксама асудзіў на 45-гадовае зьняволеньне Ціхаміра Блажкіча – кіраўніка харвацкіх вайсковых злучэньняў падчас баснійскай вайны. У красавіку сілы НАТА арыштавалі ў Босьніі Мамчылу Краішніка – паплечніка былога лідэра баснійскіх сэрбаў Радавана Караджыча.

Апошні, дзясяты галоўны сюжэт году: нафтавы крызыс.

Летам і ўвосень цэны на нафту ўзняліся на найвышэйшы ўзровень за апошнія 10 гадоў. Гэта спарадзіла магутную хвалю акцыяў пратэсту і блякадаў, якія пракаціліся па ўсёй Заходняй Эўропе. Хаця напрыканцы году цэны на нафту гэтак жа істотна і драматычна зьнізіліся, шок ад нафтавага крызысу стаў павучальным урокам для сьвету. Вось меркаваньне на гэты конт кіраўніка Міжнароднага валютнага Фонду Горста Кельлера:

"Нафтавыя цэны кінулі цень на эканамічныя пэрспэктывы. Яны сталі добрым напамінам пра тое, што самадавольства – наймацнейшы вораг добрай палітыкі. Зараз балянс рызыкі ва ўсясьветнай эканоміцы відавочна крыху пагоршыўся".

Мяркуе кіраўнік міжнароднага Валютнага Фонду Горст Кэллер.

XS
SM
MD
LG