Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Апошнім часам зьбяднелыя беларусы, асабліва пэнсіянэры, шукаюць любую магчымасьць нешта зарабіць. Адным з распаўсюджаных спосабаў стала зьбіраньне ды здача нарыхтоўшчыкам макулятуры і анучаў. Як адзначаюць супрацоўнікі нарыхтоўных кантораў, за апошнія некалькі год колькасьць кліентаў у іх значна павялічылася. Нашая карэспандэнтка гутарыць з "бомжам".

Я знаходжуся ў адной зь менскіх нарыхтоўчых кантораў "Менсккаапдругрэсурсаў". Паволе словаў прыёмшчыцы Людмілы Аўсяюк, штодня сюды прыходзіць шмат людзей. Кіляграм паперы каштуе тут 52 рублі, а кіляграм анучаў — 30. Гэты няшмат, але ўсё ж нейкі дадатак да мізэрных пэнсіяў і заробкаў.

Распавядае Людміла Аўсяюк:

(Аўсяюк: ) "Здаюць шмат. Пэнсіянэры — макулятуру, тыя кнігі, што раней карысталіся попытам. Памятаеце кніжны бум дваццаць год таму? Вельмі шкада, але цяпер гэтыя кнігі пэнсіянэры здаюць у макулятуру. Ёсьць пэнсіянэры, якія зьбіраюць скрынкі ад бананаў, бо цяпер складана на пэнсію пражыць, і яны імкнуцца нешта зарабіць… Мне падаецца, што цяпер людзей, што да нас прыходзяць, значна паболела. Бяднеюць, таму й вымушаныя лічыць кожны рубель", — распавяла прыёмшчыца Людміла Аўсяюк.

Сярод сталых наведнікаў нарыхтоўных кантораў цяпер багата людзей, што ня маюць даху над галавою — гэтак званых "бамжоў". Адзін зь іх, 34-гадовы Мацей, вось ужо колькі год зьбірае кардон і старую паперу, і такім чынам зарабляе сабе на жыцьцё.

(Мацей: ) "Дзень на дзень не прыходзіцца. Мінімум атрымліваецца каля 3-х тысячаў за дзень, а калі пашанцуе, дык і 5 тысячаў. Звычайна працую ўначы — пасьля дванаццаці й да чатырох гадзінаў, тады людзі адпачываюць, і іх не раздражняе, калі я зазіраю ў кантэйнэры для сьмецьця. Пасьля працую ўраніцу — ад 9-ці да 12-ці гадзінаў, тады, калі ўсе ўжо сыйшлі на працу. У мяне ёсьць пэўныя маршруты", — распавёў Мацей.

Вось ужо колькі год ён жыве ў падвале разам са сваёй сяброўкаю. Усе грошы, што Мацей зарабляе на макулятуры, ідуць на харчаваньне й сьпіртовыя напоі. Некалькі год таму ён згубіў кватэру й прапіску. Бацька й цяпер запрашае яго жыць да сябе ў вёску, але Мацей ня хоча:

(Мацей: ) "Я гарадзкі. Мне лепш быць тум бомжам, чым там працаваць. Дзеля таго, што я тут зараблю за тры дні, мне трэба там у калгасе працаваць месяц".

Як паведаміў Мацей, людзей, што "палююць" на макулятуру, у Менску цяпер вельмі шмат, толькі ў ягоным мікрараёне каля 20 чалавек. Існуе канкурэнцыя. "Бамжы" пэўным чынам змагаюцца за свае працоўныя месцы, асабліва ля новабудоўляў, там, дзе можна лёгка знайсьці паперу ды кардон. Міліцыянты іх звычайна не чапаюць. Небясьпека сыходзіць, паводле Мацея, ад п'яных падлеткаў, якіх раздражняюць "бамжы", што корпаюцца ў сьметніках. Але бальшыня менчукоў, мяркуе мой суразмоўца, ставяцца да "бамжоў" нармальна, без агрэсіі:

(Мацей: ) "Санітар – гэта нармальнае, падыходзячае слова. Мы ж прыбіраем сьмецьце (ну ня ўсё запар). Але чым гэтая бутэлька будзе валяцца, дык я яе пайду здам".

Апошнім часам да гэтых, так бы мовіць, "санітараў" далучаецца ўсё больш людзей сталага веку, чыіх мізэрных пэнсіяў цяпер не хапае нават на харчаваньне.

XS
SM
MD
LG