Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У адной са школаў Шаркаўшчыны былі спыненыя заняткі з прычыны таго, што была выяўленая разьлітая іртуць. Аналягічныя інцыдэнты сталі праблемаю №1 сярод надзвычайных здарэньняў. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў прапануе ўраду неадкладна прыняць комплексную праграму ўтылізацыі іртуці.

Ледзь ня кожны дзень у Беларусі ці то ў адным, ці то ў другім месцы знаходзяць разьлітую іртуць. Вось і сёньня, паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, з-за гэтага давялося эвакуяваць больш за тысячу дзяцей і настаўнікаў зь сярэдняй школы ў Шаркаўшчыне Віцебскае вобласьці. У Менску днямі іртуць знайшлі ў двух пакоях будынку Опэрнага тэатру, які дагэтуль зачынены для наведваньня.

Міністар надзвычайных сытуацыяў Валер Астапаў заяўляе, што праблему трэба вырашаць кардынальна:

"Больш за 200 выпадкаў толькі сёлета. Гэты катастрафічны рост, які мы назіраем апошнія тры гады, трэба спыніць, бо ў небясьпецы дзеці, дарослыя, у небясьпецы нармальны ход эканамічнага жыцьця", — мяркуе Валер Астапаў.

Паводле словаў міністра, праблема мае комплексны характар і вырашаць яе трэба комплексна, на дзяржаўным ўзроўні. Аказваецца, у эканоміцы назапашаныя сотні тон іртуці, якую настаў час выводзіць з тэхналягічнага ланцугу. Але праблема ў тым, што ў краіне няма патрэбных сховішчаў. Днямі МЧС дамаглося згоды аб'яднаньня "Вторчермет" прымаць іртуць для ўтылізацыі, але гэта захады часовыя, становішча яны ня выратуюць.

"Мы зьвярнуліся ва ўрад зь ініцыятываю прыняць комплексную праграму вырашэньня праблемы іртуці. Трэба пазбаўляцца ад лішняй іртуці на прадпрыемствах, будаваць сховішчы, наладзіць больш дзейсны ўлік гэтага рэчыва й прапаганду мераў абыходжаньня зь ім", — паведаміў радыё Свабода міністар Валер Астапаў. Ён мяркуе, што ў наступным годзе, калі не прыняць такую праграму, справа можа дайсьці да выпадкаў масавага атручваньня іртуцьцю.

XS
SM
MD
LG