Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў выступіла зь ініцыятываю ўзнавіць кансультацыі паміж экспэртамі ў галіне мэдыяў ад апазыцыі і ўраду. Адпаведная прапанова накіраваная кіраўніку КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадару Віку з просьбаю перадаць яе ўрадаваму боку.

Ідэя ўзнавіць кансультацыі на ўзроўні экспэртаў узьнікла пад час абмеркаваньня "Мэмарандуму ў стане інфармацыйнага забесьпячэньня беларускага грамадзтва ў пэрыяд выбарчых кампаніяў". У гэтым дакумэнце канстатуецца, што, як паказалі кастрычніцкія выбары, беларускія ўлады, насуперак законам і міжнародным забавязаньням, практычна цалкам перакрылі доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

Удзельнікі паседжаньня прыйшлі да высновы, што інфармацыйную блякаду немагчыма скасаваць, калі дзяржаўная інфармацыйная палітыка не адпавядае патрабаваньням беларускага заканадаўства й міжнародным стандартам у галіне свабоды слова й СМІ.

Зразумела, што весьці з уладамі дыялёг на гэтую тэму лягчэй тым экспэртам, якія ўжо маюць пэўны досьвед і якія летась у лістападзе падпісалі з урадавым бокам пэўныя пагадненьні. Цяпер размова йдзе пра тое, каб распрацаваць узгодненую з урадавым бокам пазыцыю ў справе інфармацыйнага забесьпячэньня грамадзтва пад час прэзыдэнцкіх выбараў.

Вось як камэнтуе гэтую сытуацыю экспэрт у галіне мэдыяў Вячаслаў Герасіменка.

(Герасіменка: ) "На дадзены момант у Беларусі склалася такая сытуацыя, калі сродкі масавай інфармацыі, як электронныя радыё і тэлебачанье, на сто адсоткаў падпарадкаваныя ўраду, і таму атрымліваецца, што калі Іван можа пра Пятра казаць дзень і ноч, а Пятро ў адказ ня можа нават пяць словаў сказаць. Такая сытуацыя ня можа быць доўгай, і тым больш ня можа быць вечнай. Вось чаму неабходна пачаць перамовы з урадам у пытаньні выхаду Беларусі з той сытуацыі, у якой яна аказалася. Перш-наперш, пра сродкі масавай інфармацыі, каб адкрыта і галосна абмяняцца сваімі думкамі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі, а тым больш калі лічыць, што налета мае адбыцца лёсавызначальная для Беларусі падзея – выбары прэзыдэнта, і калі ня будзе рэалізаваны той пратакол-пагадненьне, які быў падпісаны яшчэ год таму паміж урадавым бокам і апазыцыяй аб гарантаваным доступе апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі, то відавочна, што будуць праблемы з легітымнасьцю будучых прэзыдэнцкіх выбараў".

Гэта быў экспэрт ад палітычнай апазыцыі Вячаслаў Герасіменка.

Яшчэ важна адзначыць, што палітычная апазыцыя разглядае новыя кансультацыі, як і магчымыя перамовы з урадам толькі пры пасярэдніцтве КНГ АБСЭ. А кіраўнік гэтае групы Ганс-Георг Вік, які прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні, паведаміў, што на пачатку лютага Менск хоча наведаць упанаўважаны АБСЭ ў пытаньнях СМІ Фраймут Дувэ.

У сувязі з артыкулам, надрукаваным штотыднёвікам "Белорусская газета", дзе сьцьвярджаецца, што тэрмін знаходжаньня КНГ АБСЭ ў Беларусі скончыцца ў траўні 2001 году, спадар Вік нагадаў: мандат КНГ ня мае абмежаваньняў у часе.

XS
SM
MD
LG