Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пракуратура Беларусі апратэставала рашэньне аднаго з раённых судоў Менску, які вырашыў спагнаць зь Міністэрства ўнутраных справаў 100 тысячаў рублёў на карысьць прадпрымальнікаў Генадзя Міронава й Алега Проніна, затрыманых і зьбітых пад час апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Аднак, прэзыдыюм Менскага гарадзкога суду пратэст пракуратуры не задаволіў.

Намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Іваноўскі незадаволены рашэньнем, якое 13 кастрычніка прыняў судзьдзя Цэнтральнага раённага суду сталіцы Валеры Есьман. Судзьдзя задаволіў пазоў прадпрымальнікаў Генадзя Міронава й Алега Проніна, якія былі моцна зьбітыя ды незаконна зьняволеныя пад час спэцапэрацыі войскаў МУС 25 сакавіка ў раёне пляцу Якуба Коласа. Гэтыя людзі зьвярнуліся ў суд пасьля таго, як пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, што затрымалі іх.

Суд Цэнтральнага раёну хаця й не назваў канкрэтных вінаватых у зьдзеку над спадарамі Міронавым і Проніным, аднак прызнаў, што супрацоўнікі МУС дзейнічалі незаконна, ды забавязаў міністэрства выплаціць ім у якасьці кампэнсацыі па 50 тысячаў рублёў кожнаму. (Гэтыя грошы пацярпелым апазыцыянэрам Міністэрства ўнутраных справаў ужо выплаціла.)

Аднак, намесьнік генэральнага пракурора спадар Іваноўскі палічыў, што рашэньне судзьдзі Есьмана было незаконным, бо ён нібыта недастаткова дасьледваў матэрыялы справы. На гэтай падставе Аляксандар Іваноўскі прасіў гарадзкі суд адмяніць рашэньне суду раённага, і накіраваць справу на паўторны разгляд. Але прэзыдыюм, на чале са старшынём Менскага гарадзкога суду спадаром Ардзякам, палічыў пратэст намесьніка генэральнага пракурора безпадстаўным, і яго не задаволіў.

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў не выключае, што гэтае рашэньне будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе.

Не зусім задаволены рашэньнем прэзыдыюму гарадзкога суду й абаронца спадароў Міронава й Проніна, юрыст Беларускага Гэльсынскага камітэту Андрэй Атаманчук. На ягоную думку, суд з самага пачатку мусіў быў прызначыць пацярпелым больш высокую кампэнсацыю, а таксама назваць усіх вінаватых у зьбіцьці й затрыманьні апазыцыянэраў. Але праваабаронцы больш абураныя дзеяньнямі пракуратуры.

Гаворыць выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак:

(Гулак: ) "Суд не пайшоў па тым шляху, на які яго падштурхоўвала пракуратура. Вось што канкрэтна нас не задавальняе, гэта тое, што пракуратура рэспублікі замест таго, каб разабрацца і прыцягнуць да адказнасьці парушальнікаў з боку міліцыі і такім чынам навесьці ў ворганах міліцыі парадак і прымусіць іх выконваць законы і абараняць правы чалавека… Вось пазыцыяй пракуратуры мы незадаволеныя".

Лічыць спадар Гулак.

На думку выканаўчага дырэктара Гэльсынскага камітэту, ведамства спадара Шэймана мусіць бараніць закон, а не выгароджваць міліцыянтаў, якія гэты закон парушаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG