Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

20 сьнежня споўніцца два месяцы, як у Менск прыбыў новы амбасадар ЗША Майкл Козак, аднак даверчыя граматы ад яго Аляксандар Лукашэнка дагэтуль не прыняў. Сёньня Міністэрства замежных справаў Беларусі зрабіла заяву, паводле якой спадар Козак мусіць уручыць спадару Лукашэнку даверчыя граматы, "каб стаць паўнавартасным амбасадарам".

"Прыбыўшы ў Беларусь, спадар М.Козак робіць тыя ж заявы па дыскрэдытацыі Беларусі, краіны свайго новага знаходжаньня, якія ён рабіў у сябе ў ЗША. Гэта ня робіць яму гонару як дыплямату", — такімі рэзкімі словамі пачынаецца пісьмовая заява прэсавага сакратара беларускага Міністэрства замежных справаў Паўла Латушкі, які адрэагаваў на інтэрвію амэрыканскага амбасадара ў суботнім нумары газэты "Народная воля".

У гэтым інтэрвію амбасадар Козак заявіў наступнае: "Становішча Беларусі на міжнароднай арэне гэткае, што ЗША практычна ня можа весьці ніякага дыялёгу з прычыны нелегітымнасьці беларускіх уладаў". Кіраўнік дыпляматычнае місіі ЗША ў Менску паведаміў "Народнай волі", што найбліжэйшым часам наважаны аддаваць прыярытэт працы, якая будзе зьвязаная "з забясьпечаньнем хоць якое-небудзь наяўнасьці дэмакратычнага працэсу" ў Беларусі.

Беларускае МЗС вырашыла даць свой адказ спадару Козаку. "Мы нагадваем яму, што легітымнасьць беларускіх уладаў вызначаецца народам Беларусі, а не спадаром Козакам, — зазначаецца ў заяве прэсавага сакратара МЗС. — Мы таксама нагадваем спадару М.Козаку словы Кандалізы Райс, памочніцы ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі выбранага прэыдэнта ЗША Джорджа Буша: "Сіла мае важкае значэньне. Але амэрыканская палітыка мусіць быць маральнаю", — працытаваў спадарыню Райс спадар Латушка.

Відавочна, афіцыйны Менск лічыць маральным два месяцы трымаць амбасадара ЗША ў чаканьні аўдыенцыі Аляксандра Лукашэнкі ды адначасова амаль штодзённа ганіць з тэлеэкранаў ягонага папярэдніка — Дэніэла Спэкгарда.

Сам амбасадар Козак заявіў газэце "Народная Воля", што пэўны час чакаў, але нарэшце вырашыў распачаць актыўную працу, бо даверчыя лісты ён ужо ўручыў — Міністэрству замежных справаў Беларусі. Аднак сёньня гэтае ведамства заявіла пра Майкла Козака, цытую: "Каб стаць паўнавартасным амбасадарам, ён мусіць уручыць даверчыя граматы Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнку".

Дыпляматычнае ведамства дадае, што спадар Козак ведае пра тую практыку, што йснуе ў Беларусі, ды ведае, што дата ўручэньня ім даверчых граматаў узгадняецца.

Нагадаем, што сам амбасадар Майкл Козак 1 сьнежня ў інтэрвію радыё Свабода распавёў:

(Козак: ) "Што тычыцца даверчых лістоў — вы дастаўляеце іх у Міністэрства замежных справаў (што я ўжо зрабіў) — гэта распачынае вашую місію ў краіне…

Я ня ведаю, калі прэзыдэнт Лукашэнка вырашыць, што ён хоча правесьці цырымонію прыняцьця, але я гатовы да яе. Гэта залежыць ад яго. Але я тут, я дзейнічаю, і гэта ня ёсьць вялікім пытаньнем. Пытаньне ёсьць, калі вы рэпрэзэнтуеце іх міністэрству замежных справаў", — сказаў амбасадар Козак.

Паводле ягоных словаў, тагачасны міністар замежных справаў Урал Латыпаў абяцаў, што Аляксандар Лукашэнка прыме даверчыя граматы да канца лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG