Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня паведаміў, што ў Беларусі затрыманыя яшчэ тры замежныя шпіёны і што апошнім часам у краіну ўвезена шмат выбуховых рэчываў і зброі. Лукашэнка загадаў МЗС і КГБ перапыняць усе спробы падрыхтоўкі да гвалтоўнае замены ўлады.

Сёньня, выступаючы на першай сэсіі "Савета Рэспублікі", Аляксандар Лукашэнка заявіў, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў супраць Беларусі ўзмоцненая дзейнасьць замежных спэцслужбаў:

(Лукашэнка: ) "А колькі цяпер увагі з боку спэцслужбаў замежных дзяржаваў да нашае дзяржавы. У апошні час было затрымана трое, даюць паказаньні за шпіянаж супраць Рэспублікі Беларусь. Але мы гэта не раскручваем, мы ж прыстойныя людзі".

Тым ня менш, Аляксандар Лукашэнка пазьней паведаміў журналістам, што з гэтых трох новых шпіёнаў, "адзін беларус, другі — "прыбалтыец" і трэці — паляк", што яны затрыманыя па розных справах, але ўсе цікавіліся "абаронкаю" і Ўзброенымі сіламі Беларусі. Паведаміў Аляксандар Лукашэнка і пра іншага замежнага грамадзяніна, якога затрымалі за шпіянаж у верасьні — гэта грамадзянін Нямеччыны, і ўлады ФРГ, паводле словаў Лукашэнкі, не адмаўляюць гэтага.

Апошняя заява Лукашэнкі супадае з інфармацыяй "Белорусской газеты" пра тое, што затрыманы КГБ ў верасьні грамадзянін адной з краінаў Захаду — нямецкі супрацоўнік Цэнтра Маршала Крыстаф Лец.

Аляксандар Лукашэнка выступіў сёньня і з чарговымі абвінавачаньнямі на адрас КНГ АБСЭ:

(Лукашэнка: ) "Сёньня заварушыўся нейкі Вік і АБСЭ ў Беларусі… У нас ёсьць законы, і калі Вік ды іншыя замежныя грамадзяне пераступяць або выйдуць за рамкі нашых законаў, мы зробім адпаведныя захады".

Якія захады, Аляксандар Лукашэнка канкрэтызаваў пазьней: ён зазначыў, што калі факты, прыведзеныя БТ, пацьвердзяцца, значыць, амбасадару Віку "давядзецца пакінуць нашую краіну".

Спадар Лукашэнка абвінаваціў АБСЭ ў тым, што пры ейнай дапамозе ствараецца "14-тысячны корпус назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары". Ён абвінаваціў апазыцыю, што тая зьбіраецца ў пачатку года правесьці "свае прэзыдэнцкія выбары" (відаць, ён меў на ўвазе выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі), а летам парлямэнцкія выбары, ды зазначыў, што апазыцыя вядзе перамовы зь сілавікамі й прадстаўнікамі выканаўчых ворганаў улады.

Апошняе надзвычай занепакоіла Лукашэнку, і ён загадаў МЗС і КГБ перапыняць усе спробы падрыхтоўкі да гвалтоўнае зьмены ўлады, абяцаючы праводзіць жортскую палітыку ў адносінах да апазыцыі і незалежных СМІ перад выбарчай кампаніяй.

У сувязі з падрыхтоўкаю "14 тысячаў назіральнікаў" Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што яго найбольш хвалюе, што "апошнім часам у краіну было завезена шмат выбуховых рэчываў і зброі", прывязваючы да гэтага апазыцыю, якая, паводле ягоных словаў ня здольная перамагчы на выбарах:

(Лукашэнка: ) "Колькі сёньня завезена выбухоўкі і зброі ў нашую краіну! Ну пастаўце сябе (і я таксама тут з вамі) на месца апазыцыі. Рэйтынг нулявы, мірыцца далей яны ня могуць з цяперашняй уладай. Вы бачыце іх злобу. Што тады сьледуе? Чаму я не павінен праглядаць скрайнія варыянты зь іх боку?"

Пазьней на брыфінгу Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што ён спасылаўся на факты канфіскацыі праваахоўнымі ворганамі прывезенае ў Беларусь зброі, з чаго й зрабіў выснову, што застаецца нямала зброі і на руках, але не прывёў нейкіх фактаў пра тое, што да гэтае зброі мае дачыненьне апазыцыя.

Што датычыць пачатку працы "Савету Рэспублікі", дык тут нічога нечаканага не адбылося. Напярэдадні ўжо ўсе ведалі што на сьпікера будзе вылучаная адзіная кандыдатура — прэзыдэнта НАН Беларусі Аляксандра Вайтовіча. Так і здарылася. Ён быў абраны. Аляксандар Вайтовіч у сваёй прамове сказаў, што Аляксандар Лукашэнка надзвычай добра акрэсьліў задачы "Савету Рэспублікі" ў сваёй сёньняшняй прамове.

XS
SM
MD
LG