Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

У мінулую суботу абраны прэзыдэнт ЗША Буш абвесьціў першыя прызначэньні ў сваёй будучай адміністрацыі: дзяржсакратаром ЗША стане генэрал у адстаўцы Колін Пауэл, памочнікам прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі будзе адмысловец у праблемах Расеі Кандаліза Райз. Сёньня Джордж Буш сустракаецца з кіраўніком Федэральнай рэзэрвнай сыстэмы краіны Аленам Грынспэнам.

Ален Грынспэн – кіраўнік фэдэральнай рэзэрвнай сыстэмы, лічыцца архітэктарам працьвітаньня Амэрыкі апошніх 8 гадоў. "Неістотна, хто стане прэзыдэнтам, галоўнае, каб застаўся Ален," – гавораць у Амэрыцы. Сустрэча абранага прэзыдэнта з Грынспэнам тым больш важная, што ў апошнія месяцы біржа – дакладны паказчык стану эканомікі, дэманструе ня самыя лепшыя тэндэнцыі.

Газэта Wall Street Journal нагадвае, што падчас перадвыбарчай кампаніі кандыдат Буш абяцаў велізарнае, больш чым на паўтары трыльёны даляраў, скарачэньне падаткаў. Газэта таксама адзначае, што Грынспэн, не крытыкуючы наўпрост гэтае абяцаньне, падкрэсьліваў, што куды больш важнай задачаю зьяўляецца скарачэньне дзяржаўнай запазычанасьці. Пра што дамовяцца Буш з Грынспэнам – невядома, але лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Лот ужо выказаў меркаваньне, што скарачэньні падаткаў, якія прапануе Кангрэсу прэзыдэнт Буш, будуць менш істотнымі, чым тыя, якія абяцаў кандыдат Буш.

Але галоўную цікавасьць, зразумела, выклікаюць прызначэньні абраным прэзыдэнтам ключавых асобаў у зьнешнепалітычным блёку яго адміністрацыі: былога генэрала Пауэла і адмыслоўцу ў праблемах Расеі Райз. 63-гадовы Пауэл ваяваў у Віетнаме, у пачатку 90-х гадоў быў кіраўніком аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў узброеных сілаў ЗША і адной з галоўных асобаў у вайне супраць Іраку. У тыя ж часы сп-ня Райз працавала ў апараце памочніка прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ў адміністрацыі бацькі абранага зараз прэзыдэнта.

Пауэл і Райз – абодва афраамэрыканцы, так у Амэрыцы называюць суграмадзянаў з чорным колерам скуры. Аднак Джордж Буш патлумачыў, што гэтыя прызначэньні – ня ёсьць спроба дамагчыся прыхільнасьці чорнаскурых амэрыканцаў, якія часьцей галасуюць за дэмакратаў. Ён назваў Пауэла "сапраўдным амэыканскім героем" і дадаў: "Гэтыя прызначэньні сьведчаць пра тое, што нашая краіна дае вялікія магчымасьці тым, хто ўпарта працуе і робіць правільны выбар у жыцьці". Дарэчы, і сама сп-ня Райз у інтэрвію Washington Times заявіла: "Я рэспубліканка, бо веру ў магчымасьці індывіда. Я веру ў моц вольнага рынку, у неўмяшальніцтва ўраду, у сямейныя каштоўнасьці. Колер маіх вачэй і маёй скуры ня маюць значэньня".

Сапраўды, значэньне маюць пагляды і здольнасьці новых супрацоўнікаў абранага прэзыдэнта. Усе выданьні адзначаюць новыя акцэнты ў амэрыканскай зьнешняй палітыцы, якія былі вызначаныя ў прамове Пауэла, што прагучала адразу ж пасьля прызначэньня. Гэта, па-першае, намер разьвярнуць нацыянальную супрацьракетную абарону, ня надта зважаючы на пярэчаньні Расеі і Кітаю і нават эўрапейскіх саюзьнікаў ЗША. Разам з тым, паводле New York Times, Пауэл прадэманстраваў пэўную гнуткасьць, адзначыўшы неабходнасьць вывучэньня тэхнічных магчымасьцяў стварэньня нацыянальнай сыстэмы СПА.

Пауэл таксама заклікаў заходнія краіны ўзмацніць санкцыіі супраць Іраку. Але, як мяркуе тое ж выданьне, яму прыйдзецца прыкласьці вялікія высілкі, каб дамагчыся гэтага: апошнім годам эўрапейскія краіны не ўзмацнілі, а істотна зьмякчылі санкцыі супраць Багдаду. Разам з тым газэта адзначае: "Генэрал Пауэл выглядае менш зацікаўленым праблемамі правоў чалавека і дэмакратызацыі, чым яго папярэдніца Мадлен Олбрайт. Сьвету хутчэй за ўсё спадабаюцца ЗША з больш вузкімі межамі ўжываньня сілы, якія будуць вызначацца нацыянальнымі інтарэсамі, а не няпэўным "гуманітарным умяшальніцтвам", як то было ў Самалі і у Косаве," – лічыць New York Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG