Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 16 сьнежня)
Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" актывізавала кампанію падтрымкі сваякоў зьніклых беларускіх палітыкаў.
Зінаіда Ганчар лічыць абразьлівай для народа Беларусі кампанію цкаваньня кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка, якую праводзіць беларуская дзяржаўная тэлевізіі.
Дэпутат Уладзімер Кудзінаў у лістах дадому камэнтуе нядаўнія перастаноўкі сярод кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
Сьледчыя патрабуюць ад Міхала Чыгіра заплаціць у якасьці падаткаў яшчэ 3.000 даляраў, абяцаючы ўзамен прыпыненьне крымінальнае справы.

Бельгійскія актывісткі праваабарончай арганізацыі "Amnesty International" Франсуаза Аўэн і Кэтрын Пэці даслалі адмысловы ліст на ймя Ірыны Красоўскай, Зінаіды Ганчар і Вольгі Захаранкі.

У лісьце выказваецца маральная падтрымка жонкам і сваякам зьніклых і паведамляецца, што актывісткі распачалі чарговую кампанію, каб актывізаваць пошукі беларускіх апазыцыянэраў. "З гэтага моманту мы пачынаем дасылаць у беларускі ўрад сэрыю нашых лістоў, каб прадэманстраваць, што мы не забыліся пра вашыя справы", — паведамілі бельгійскія жанчыны.

Усясьветная супольнасьць не забываецца пра беларускія праблемы, але як раз гэта, відаць, і не задавальняе беларускае кіраўніцтва. "Нас ізалявалі ад Эўропы і ўсяго сьвету і хочуць ізаляваць яшчэ больш, каб рабіць тут што заўгодна", — гэтак Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара пракамэнтавала кампанію цкаваньня, якую распачала супраць кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка беларуская тэлевізія.

На думку Зінаіды Ганчар, гэтае цкаваньне недастойнае эўрапейскае краіны, яно кідае цень на ўвесь беларускі народ:

"Беларусь фактычна стаіць перад Нямеччынаю з працягнутай рукою, немцы аказваюць нашым людзям вялікую гуманітарную дапамогу. І гэтак няўдзячна абыходзіцца з пасланцом Нямеччыны ёсьць абразаю ўсяму беларускаму народу. Я пераканая, простыя беларусы не далучацца да таго бруду, які ільецца на спадара Віка і ўсю місію АБСЭ з экранаў БТ", — мяркуе Зінаіда Ганчар.

Дэпутат Уладзімер Кудзінаў у сваіх апошніх лістах зь няволі таксама піша пра зьніклых. Вось як, паводле словаў Зоі Кудзінавай, ён пракамэнтаваў апошнія адстаўкі сярод сілавікоў, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў сваёй незадаволенасьцю вынікамі расьсьледваньняў гучных справаў:

(Кудзінава: ) "Недзе тыдні два, як гэтыя "ракіровачкі" правёў Лукашэнка, дык ён напісаў, што гісторыя ідзе па сьпіралі: ужо быў 33 год, зараз 37, а хутка будзе 53-ці – спачатку судзілі нас, пасьля тых, хто судзіў нас, а хутка будуць судзіць усіх, хто прывёў краіну да гэтага краху. Ён піша, што нам так доўга чакаць ня прыйдзецца, як чакалі 53-га году, інфармацыйная прастора зараз вельмі хуткая, час бяжыць хутчэй. Ён спадзяецца, што гэта будзе хутка,"

— казала Зоя Кудзінава

Дэпутат Уладзімер Кудзінаў сядзіць ужо амаль чатыры гады. Яму давядзецца правесьці за кратамі яшчэ два гады.

Новы наступ на экс-прэм'ера Міхала Чыгіра пачалі сьледчыя. Ён быў выкліканы ў сьледчы камітэт, дзе яму прапанавалі заплаціць яшчэ амаль тры тысячы даляраў у падатак за тэрмін працы прадстаўніком нямецкага канцэрну "Гея" ў Маскве.

Вядома, што Міхал Чыгір ужо разьлічваўся зь бюджэтам як падаткаплацельшчык, але сьледчым падалося, што ён ня быў да канца шчырым. Спачатку сьледчыя запатрабавалі ад былога прэм'ера заплаціць 25.000 даляраў, цяпер згодны ўжо й на 3.000 тысячы і абяцаюць справу супраць яго зачыніць.

Аднак Міхал Чыгір і гэтыя грошы плаціць адмаўляецца. Ён сьцьвярджае, што цалкам сплаціў усе падаткі з заробкаў, атрыманых цягам 1998 году пад час працы ў Маскве. Дадатковыя прэтэнзіі сьледчых Міхал Чыгір называе "шантажом, пад выглядам сьледчых дзеяньняў".

XS
SM
MD
LG