Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 15 сьнежня)
На прэсавай канфэрэнцыі міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў заявіў, што ў год прэзыдэнцкіх выбараў эканамічнае разьвіцьцё Беларусі будзе адметнае пазытыўнымі тэндэнцыямі. Аднак гэты пункт гледжаньня не падзяляюць многія незалежныя эканамісты.

Падставаю да аптымізму, паводле словаў Уладзімера Шымава, ёсьць эканамічныя парамэтры сёлетняга году. Як зазначыў міністар, у 2000 годзе назіраецца значны рост вытворчасьці ў прамысловасьці й сельскай гаспадарцы. Апроч таго, пазытыўныя тэндэнцыі ўжо ў блізкай пэрспэктыве ўлады зьвязваюць зь сёлетнім пераадоленьнем множнасьці валютных курсаў.

А вось як пракамэнтаваў нашаму радыё цяперашнія працэсы ў беларускай эканоміцы вядомы айчынны эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) "Мы можам адзначыць, што ў 2000 годзе ўсе рэзэрвы экстэнсыўнага разьвіцьця народнай гаспадаркі ўжо вычарапаныя. Скараціліся абаротныя сродкі прадпрыемстваў – на 16 адсоткаў за 1999-2000 гады. Значна вырасла запазычанасьць нашых прадпрыемстваў прадпрыемствам іншых краінаў – за 10 месяцаў сёлета на 400 мільёнаў даляраў. Вось статыстыка адзначае, што некалькі павялічылася рэнтабельнасьць, эфэктыўнасьць прадпрыемстваў, але гэта нічога не азначае, таму што бухгальтарскі ўлік адлюстраваў падвышэньне афіцыйнага курсу даляру, і таму гэта віртуальная рэнтабельнасьць, віртуальны рост рэнтабельнасьці, віртуальны рост прыбыткаў,"

— зазначыў Леанід Злотнікаў.

Паводле словаў міністра эканомікі, улады выконваюць свае эканамічныя праграмы. Нават інфляцыя і рост цэнаў, якія растуць празьмернымі тэмпамі, на самрэч, як лічыць міністар, ёсьць наступствамі нэгатыўных фактараў, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі. У прыватнасьці, абвал цэнаў на айчынныя тавары, паводле афіцыйнае вэрсіі, шмат у чым справакаваны павелічэньнем коштаў энэрганосьбітаў на ўсясьветным рынку.

Інакш тлумачыць нэгатыўныя тэндэнцыі Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) "Мы праядалі абаротныя сродкі, мы жылі за кошт вычарпаньня вось гэтых асноўных фондаў. Наступны год, калі нам Расея не дапаможа, будзе вельмі цяжкім".

(Карэспандэнт: ) "Як бы Вы схарактарызавалі цяперашні стан дачыненьняў з Расеяй?"

(Злотнікаў: ) "Расея апошні год пачала палітыку "Дарэмна нічога не даем".Тое, што Лукашэнку ў мінулыя гады ўдавалася з расейскага бюджэту перапампоўваць у беларускі бюджэт, гэта таксама заканчваецца".

(Карэспандэнт: ) "Што Вы думаеце пра намер беларускіх уладаў павялічыць у наступным годзе сярэдні заробак да 100 даляраў?"

(Злотнікаў: ) "Гэта няцяжка зрабіць на два-тры месяцы перад выбарамі. Рост гэты можа быць забясьпечаны не таму, што будзе ўзрастаць пакупніцкая сіла заробкаў, а таму, што будзе адпаведная крэдытна-грашовая палітыка. На гэта будуць накіраваныя крэдыты Расеі, якія могуць паступіць у сувязі з падпісаньнем пагадненьня аб адзінай валюце,"

— мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

XS
SM
MD
LG