Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

13 дэпутатаў парлямэнту Ўганды зьбіраюцца наведаць Беларусь, каб на месцы правесьці расьсьледваньне скандальнае справы з купляю ў Беларусі вайсковых верталётаў для угандыйскай арміі.

Парлямэнт Уганды пільна сочыць за скандалам з набыцьцём у Беларусі верталётаў МіГ-24, што выявіліся нябоездольнымі. 13 дэпутатаў і яшчэ два чыноўнікі складуць адмысловую дэлегацыю, што плянуе паехаць у Баўгарыю ды Беларусь ужо сёлета, каб на месцы вывучыць усе абставіны скандалу.

Угандыйскі ўрад выступае супраць гэтага эўрапейскага турнэ сяброў парлямэнту. Міністар этыкі ды цэласнасьці Мір'я Матэмбэ заявіла, што гэта будзе толькі марнатраўствам грошай падаткаплацельшчыкаў, бо, паводле ейных словаў, уся Эўропа ўжо сьвяткуе Каляды, таму ніхто з угандыйцамі размаўляць ня будзе.

"Яны паедуць займацца шопінгам. Хто дасьць ім інфармацыю ў часе гэтых калядных сьвяткаваньняў?", — сказала пра парлямэнтароў угандыйская міністар.

Яна таксама лічыць, што для сяброў парлямэнту няслушна працягваць расьсьледаваньне, калі міністэрства абароны ўжо правяло праверку ды была створаная судовая камісія ў гэтай жа справе.

Крыніцы ва ўгандыйскай сталіцы Кампале нагадваюць, што армія гэтае афрыканскае краіны была вельмі незадаволеная двума верталётамі МіГ-24, што трапілі туды зь Беларусі празь фірму, зарэгістраваную на Брытанскіх Вірджынскіх выспах. Што да Баўгарыі, дык там Уганда купіла танкі, таму парлямэнт вырашыў займацца беларускаю ды баўгарскаю зброяй адначасова.

XS
SM
MD
LG