Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскiя ўлады забаранiлi прадстаўнiкам галiновага прафсаюзу работнiкаў радыёэлектроннае прамысловасьцi правесьцi сёньня пiкет ля прахадной заводу "Цьветатрон". Замест гэтага пiкетоўцам параiлi правесьцi сваю акцыю на стадыёне "Будаўнiк", што месьцiцца на ўскрайку гораду.

Прадстаўнiкi Беларускага прафсаюзу работнiкаў радыёэлектроннае прамысловасьцi зьбiралiся сёньняшнiм пiкетам распачаць сэрыю акцыяў, каб выказаць свой пратэст супраць спробаў раскалоць прафсаюзную арганiзацыю на берасьцейскiм заводзе "Цьветатрон". Адмiнiстрацыя гэтага заводу, што ўваходзiць у аб'яднаньне "Iнтэграл", спрабуе зараз стварыць новую прафсаюзную арганiзацыю, якая ня будзе падпарадкоўвацца рашэньням галiновага прафсаюзу i ФПБ. Але, па словах старшынi завадзкога прафкаму Зiнаiды Мiхнюк, амаль з 1500 чалавек знайшлося толькi дзьве асобы, якiя напiсалi пiсьмовыя заявы пра свой выхад з прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьцi. Яшчэ чатыры чалавекi — былыя сябры прафкаму — на мiнулым тыднi былi выключаныя з прафсаюзу з фармулёўкаю "за невыкананьне статутных патрабаваньняў i прыняцьце рашэньняў, якiя вядуць да развалу прафсаюзнага руху". Таму ўсе дзеяньнi новастворанае на загад кiраўнiцтва заводу арганiзацыi, паводле словаў спадарынi Мiхнюк, зьяўляюцца незаконнымi. Дарэчы, пра гэта мусiла нагадаць i пракуратура Маскоўскага раёну Берасьця, якая праводзiла на "Цьветатроне" сваю праверку.

Каб прадухiлiць далейшыя супрацьпраўныя дзеяньнi адмiнiстрацыi берасьцейскага заводу прадстаўнiкi галiновага прафсаюзу й вырашылi правесьцi з 18-га па 22 сьнежня шэраг пiкетаў ля прахадной "Цьветатрону". Але з гарвыканкаму прыйшоў адмоўны адказ: у лiсьце, падпiсаным кiраўнiком мясцовае "вэртыкалi" Генадзям Масько адзначаецца, што праблемы трэба абмяркоўваць не на пляцах пад час пiкетаў, а за круглым сталом". Разам з тым у гарвыканкаме прапанавалi правесьцi пiкет сёньня а 6 гадзiнаў 45 хвiлiнаў ранiцы на стадыёне "Будаўнiк" (гэта адзiнае месца ў Берасьцi на якiм улады дазваляюць ладзiць санкцыянаваныя акцыi). Кiраўнiк рэгiянальнага аддзелу прафсаюзу работнiкаў радыёэлектроннае прамысловасьцi Георгi Антанюк лiчыць гэтую прапанову ганебнай i яна ня можа быць прынятая сябрамi прафсаюзу. Замест гэтага было ўхвалена рашэньне зьвярнуцца да мiнiстра прамысловасьцi Беларусi Анатоля Харлапа з прапановаю скасаваць кантракт з дырэктарам "Цьветатрону" Генадзям Андрэюком i накiраваць лiст у Мiжнародную арганiзацыю працы, у якiм паведамляецца пра ўсе факты цiску на сяброў прафсаюзу з боку адмiнiстрацыi берасьцейскага заводу.

XS
SM
MD
LG