Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

"Ладзіць хаўтуры беларускае мовы рана. Больш таго, неўзабаве надыйдзе час, калі ёй будзе вернуты статус адзінай дзяржаўнай", — лічыць старшыня Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. Тым ня менш, ТБМ накіравала ўсім новапрызначаным кіраўніком сілавых структураў ды старшыням камісіяў г.зв. "Палаты прадстаўнікоў" лісты, у якіх выказвае занепакоенасьць станам роднае мовы.

На чым грунтуецца аптымізм кіраўніка ТБМ, калі сытуацыя вымагае няспынных трывожных клопатаў, у тым ліку зьвязаных з прыходам на высокія пасады людзей, якія ігнаруюць беларускую мову?

На гэтыя пытаньні адказвае Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Нас вельмі турбуе, што гэтыя асобы, як правіла, ігнаруюць мову тытульнай нацыі, а некаторыя нават дапускаюць вельмі вольныя адносіны да мовы ў сваіх інтэрвію – як, напрыклад, новаабраны старшыня "Палаты" сп.Папоў. Таму мы накіравалі адпаведныя лісты старшыням усіх камісіяў і новапрызначаным кіраўнікам, у тым ліку і КГБ, з канкрэтным пытаньнем: ці валодаюць гэтыя людзі дзяржаўнай беларускай мовай, і што яны будуць рабіць, каб гэтая мова была ўсё-ткі другой дзяржаўнай, а ня проста выкідалася на сьметнік гісторыі.

Такія адказы пачалі прыходзіць. Так, напрыклад, сп.Бікінін, старшыня новаабранай камісіі нацыянальнай бясьпекі "Палаты" напрыканцы свайго ліста піша: "Падзяляю вашыя спадзяваньні, што сумеснымі намаганьнямі дзяржаўных ворганаў і грамадзкіх аб'яднаньняў беларускай мове будзе вернутае ранейшае гістарычнае месца".

Мы можам цалкам пагадзіцца, і калі ўзгадаем гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, тую ролю, якую тады адыгрывала беларуская мова як мова міжнародных і міжнацыянальных зносінаў, я думаю, што такія адказы сьведчаць аб тым, што нашая праца небясплённая".

(Аксак: ) "А Вы ня думаеце, што за гэтай фармулёўкай схаванае жаданьне здаць беларцускую мову ў музэй?"

(Трусаў: ) "Справа ў тым, што такіх жаданьняў назіраецца шмат, і пачаліся яны ня сёньня. Яшчэ ў канцы 17 стагодзьдзя славуты Мялешка ў сваёй прамове казаў пра тых людзей, якія "абрасьлі сабачым мясам" і занядбалі родную мову. Шмат было прыхільнікаў як усходніх, так і заходніх канцэпцыяў зьнішчэньня беларусаў, аб тым, каб беларускую мову здаць у архіў. Але, улічваючы вынікі апошняга перапісу, да якога ТБМ таксама мела непасрэднае дачыненьне, я лічу, што нават маючы такія яўна заніжаныя лічбы – а гэта 3 мільёны 700 грамадзянаў, зь іх больш як паўмільёны не беларусаў, якія штодня гавораць па-беларуску – гэта далёка не гістарычная паліца. Нагадаю, што гэта – насельніцтва самай вялікай прыбалтыйскай рэспублікі – Літвы. А 80% насельніцтва заявіла, што іх родная мова – беларуская. Таму я лічу, што неўзабаве надыйдуць тыя часы, калі нашая мова зноў стане адзінай дзяржаўнай, і на ёй будуць гаварыць усе дзяржаўныя асобы незалежна ад іх канфэсійнага ці нацыянальнага паходжаньня".

(Аксак: ) "Дык Вы лічыце, што яшчэ рана гаварыць аб посьпехах дэнацыяналізацыі, якую праводзіць існуючы рэжым?"

(Трусаў: ) "Я лічу, што гэтыя поьспехі вельмі павярхоўныя і ўмоўныя. Каб выжыць, беларус заўжды размаўляў на мове начальства. Калі, напрыклад, была нямецкая акупацыя – яна доўжылася ня так доўга – але тады таксама былі дзьве мовы. На першым месцы была нямецкая, на другім – беларуская. Успомнім крэсы ўсходнія, калі беларуская мова наогул была забароненая і выціснутая польскімі ўладамі, тым ня менш, дзе тыя ўлады польскія ці нямецкія, іх пастуляты, а народ беларускі як жыў, так і жыве. Тое самае і з расейскай мовай. Ня тыя часы, каб плакаць пра зьнішчэньне беларушчыны".

Упэўнены старшыня Тавараства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

Зь ім гаварыла

XS
SM
MD
LG