Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Янка Запруднік, Ню-Ёрк

(эфір 14 сьнежня)
Наступствы для Беларусі абраньня новага прэзыдэнта ЗША камэнтуе адзін зь вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі Янка Запруднік, якому часта даводзілася мець кантакты з прадстаўнікамі як рэспубліканцаў, так і дэмакратаў.

(Запруднік: ) "Замежная палітыка Злучаных Штатаў не мяняецца радыкальна ад зьмены прэзыдэнта. Мяняецца нутраная палітыка: пытаньні сацыяльнай бясьпекі, адукацыі, абортаў і г.д. Зьнешняя палітыка даволі стабільная і, як выглядае зь першай заявы выбранага прэзыдэнта Джорджа Буша, яна будзе і надалей у прынцыпе той самай, што і дасюль.

Буш казаў у сваёй першай прамове ў ролі выбранага прэзыдэнта, што ЗША будуць далей мацаваць сувязі з саюзьнікамі – і перш-наперш, зразумела, эўрапейскімі. Эўрапейскія ж саюзьнікі зацікаўленыя ў пашырэньні дэмакратыі ў Эўропе і ў тым ліку ў адтоку дыктатуры, якой сёньня, на жаль, зьяўляецца Беларусь.

Стабільнасьць амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі адлюстроўваецца ў тых прынцыпах, якія бароняць амэрыканскія паслы ў Менску. Усе яны – ці то пасланыя прэзыдэнтам Клінтанам – дэмакратам, ці то раней прэзыдэнтам Бушам – рэспубліканцам, ці цяпер новым прэзыдэнтам Бушам – усе яны бароняць тыя самыя прынцыпы. Гэта незалежнасьць Беларусі, пашырэньне дэмакратыі і правядзеньне рынкавых рэформаў.

Я памятаю, калі быў у Менску ў пасла Дэйвіда Суорца, першага пасла ў Беларусі, а пасьля бачыўся з Кэнэтам Ялавіцам, другім паслом – абодва яны, хоць прадстаўлялі і розных прэзыдэнтаў, трымаліся тых самых прынцыпаў: спрыяньне незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі і рынкавым рэформам. І новы пасол Майкл Козак будзе працягваць у тым самым духу.

Так што я думаю, што новы прэзыдэнт сваёй палітыкі на эўрапейскім кантынэнце, у тым ліку і адносна Беларусі, радыкальна мяняць ня будзе, а, думаю, будзе і надалей працягвацца дасюлешні курс".

Гаварыў

XS
SM
MD
LG