Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Адной са сьціплых крыніцаў дадатковага даходу для многіх беларусаў да нядаўняга часу заставалася донарства. Але, насуперак трывожным тэндэнцыям у галіне аховы здароўя, з кожным годам кроў як стратэгічная сыравіна робіцца ўсё таньнейшай, а сярод дабрахвотнікаў усё больш людзей з мэдычнымі супрацьпаказаньнямі. Такім чынам, зарабіць на донарстве сёньня стала амаль немагчыма.

На станцыі пераліваньня крыві беларускае чыгункі бязьлюдна. Тых, хто жадаў бы здаць кроў, цягам паўгадзіны, што я тут быў, так і не знайшлося.

Супрацоўнікі падобную карціну, што робіцца тэндэнцыяй, тлумачаць найперш тым, што ў Беларусі даволі жорсткая "фільтрацыя" донараў. (Падставаю да таго — нездавальняючы стан здароўя нацыі ўвогуле). Працэдура не пачнецца да таго часу, пакуль чалавек не пакажа даведку на адсутнасьць жаўтухі, пранцаў, СНІДу й шэрагу іншых хваробаў. Бесьперашкодна "зялёнае сьвятло" атрымлівае, бадай, толькі кола донараў, што ёсьць сталымі кліентамі цягам многіх гадоў. Але й такіх "вэтэранаў " усё менш, бо матэрыяльнае стымуляваньне практычна зьведзена на нуль.

У савецкі час за 250 грамаў крыві выплочвалі 10 рублёў, добра кармілі й давалі два дні адгулу. У войску салдаты такім чынам успаміналі смак малака ды натуральных сокаў. Цяпер заахвочваньне абмяжоўваецца мінімальным заробкам на дзень адгулу для тых, хто працуе, і паловаю "мінімалкі" для беспрацоўных.

Дыскрымінацыя апошніх наогул заганная. Паводле статыстыкі, беспрацоўныя складаюць да 20% наведвальнікаў станцыяў пераліваньня крыві. Такім чынам, сур'ёзная працэдура, якая ў экстрэмальных сытуацыях можа выратаваць жыцьцё дзясяткам людзей, цалкам абясцэненая.

Сутнасьць праблемы тлумачыць галоўны лекар Рэспубліканскае станцыі пераліваньня крыві Валеры Бандарэнка:

"Калі мы прапусьцім донара хворага, ёсьць рызыка заразіць рэцыпіента. Таму йдзе такі жорсткі адбор. Але гэта стандартная працэдура, якую мы імкнемся вытрымліваць: раз на 2 месяцы кроў і раз на 2 тыдні плязму. У Расеі гэта ня так жорстка, бо там амаль няма донараў.

Што тычыцца аплаты, дык падобны крок наогул мусіць быць дабрачынным. На Захадзе ёсьць дзьве сыстэмы: Чырвоны Крыж і камэрцыйныя пункты нарыхтоўкі плязмы для далейшага фракцыяваньня. Заводы не цікавяць тэрміны, здавай хоць кожны дзень, ты зарабляеш на ўласным здароўі", — мяркуе Валеры Бандарэнка.

Ён таксама дадаў, што, нягледзячы на зьмяншэньне арміі донараў, колькасьць назапашанае крыві значна пераўзыходзіць унутраныя патрэбы. На Захадзе літар донарскае крыві каштуе $60. У Беларусі агульны кошт з выдаткамі на захоўваньне — у 4-5 разоў меншы.

Але гэтую дыспрапорцыю ня здольныя выкарыстаць у Міністэрстве аховы здароўя. Штогод эўрапейскія кроваперапрацоўныя фірмы набываюць 1,5 тысячы тонаў крыві па ўжо згаданых коштах. Але паспрабаваць скласьці рэальную канкурэнцыю ў гэтым сэктары, каб зарабляць грошы прынамсі на набыцьцё адмысловых прэпаратаў крыві, якія вырабляюцца толькі за мяжою, у беларускіх спэцыялістаў не хапае часу. А можа, і жаданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG