Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Нягледзячы на гаротны стан сельскае гаспадаркі, беларускае кіраўніцтва знаходзіць грошы на нечаканыя экспэрымэнты ў гэтай галіне. Учора Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня аб'явіла, што стратная птушкагадоўля цягам наступнага году можа быць пераарыентаваная на высокапрыбытковае вырошчваньне… стравусаў.

Чуткі пра зьяўленьне ў беларускіх калгасах стравусаў пачалі зьяўляцца ня гэтак даўна. Досьвед суседзяў, перш за ўсё палякаў ды расейцаў, прывабліваў пэрспэктываю прыбыткаў. Праўда, саматужныя захады асобных фэрмэраў плёну не далі: горы мытных, карантынных, адміністрацыйных папераў не давалі ходу ідэі. Але калі стравусамі зацікавіліся наверсе, непасрэдна ў адміністрацыі Лукашэнкі, справа шпарка пайшла наперад.

Паводле словаў начальніка галоўнае ўправы Мінсельгасхарчу Аляксандра Аксёнава, які зьяўляецца дзяржаўным куратарам новае справы, днямі ў Польшчы набытыя "першыя ластаўкі айчыннае стравусагадоўлі" — шэсьць двухмэтровых пераросткаў. Пляны на будучы год наогул глябальныя: спадар Аксёнаў будзе хадайнічаць перад урадам, каб той выдаткаваў грошы на набыцьцё яшчэ дзьвюх сотняў своеасаблівых "замяшчальнікаў індыкоў" (як сьцьвярджаюць гурманы, менавіта на індычынае мяса падобна прыгатаванае стравусінае).

Але аптымізм чыноўнікаў падзяляюць ня ўсе. Прафэсар Іван Нікітчанка, які апошнія дзесяцігодзьдзі стала займаецца аналізам сельскае гаспадаркі, ня верыць, што калёнія свойскіх стравусаў выратуе Беларусь. Хутчэй гэта здолее зрабіць айчынная інкубатарная курыца…

(Нікітчанка: ) "Я ня ведаю Аксёнава, але тое, што ён кажа, гэта на ўзроўні прыкладна шымпанзэ. Таму што на Беларусі птушкагадоўля заўсёды была вельмі добрай галіной. Мы па колькасьці яек на адну куру-нясушку былі на другім месцы пасьля Японіі. Дык ня стравусы выратуюць Беларусь: трэба купіць зерне і разьлічыцца за тое, што ўзялі тры гады таму ў Расеі і іншых краінаў".

(Карэспандэнт: ) "Але апошнія факты, калі ад беларускіх курыных яек адмаўляюцца нават у Расеі, сьведчаць пра крызыс традыцыйнае галіны?"

(Нікітчанка: ) "Бо якасьць зусім нізкая, таму што птушку ня кормяць як сьлед. А каб атрымаць добрае яйка, трэба карміць. Зерня свайго няма, дабавак кармавых таксама".

Кошт аднаго малога стравусяняці вагаецца ў межах $150. Яшчэ дзьвесьце мяркуемых абыйдуцца ў $30.000. Гэта без уліку дастаўкі, аплаты карантыну, выдаткаў на кармы ды адмысловыя фэрмы…

Міністэрскія аналітыкі націскаюць на тое, што сродкі хутка акупяцца попытам на дарагое мяса, пер'е, скуру на міжнародным рынку. Адзінае, што не ўдакладняецца, ці ёсьць хоць нейкі шанец трапіць на гэты самы рынак, які спрадвечна трымаецца тымі краінамі, дзе стравусы гадуюцца ў прыродных умовах.

Рэалізаваць штосьці на ўнутраным рынку досыць праблематычна. Нягледзячы на тое, што, здаецца, збываецца мара Аляксандра Лукашэнкі пра "нармальныя чалавечаскія яйца" (бо адным можна накарміць як мінімум дзесяць едакоў), кошт такога цуда нават у Польшчы ня меней як $12 за штуку. Тым больш, што яйканоскасьць дарослых асобін даволі сьціплая — звычайна ня больш як 50 яек за год.

Пакуль гэтак званыя "першыя ластаўкі" адаптуюцца недзе ў гаспадарках Гарадзеншчыны — месца не ўдакладняецца, каб птушкі раней тэрміну не трапілі ў суп да нецярплівых суайчыньнікаў. Але ёсьць зьвесткі, што асноўнае пагалоўе будзе раскватараванае на абшарах Белавежжа.

XS
SM
MD
LG