Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

На берасьцейскай часьціне беларуска-польскае мяжы напярэдаднi Калядаў зноў зьявiлiся шматкiлямэтровыя чэргi аўтамабiлiяў, якiя накiроўваюцца на Захад. Беларускiя памежнiкi абвiнавачваюць у стварэньнi гэтакае сытуацыi сваiх польскiх калегаў. Польскi бок гэтыя абвiнавачваньнi адхiляе.

Ужо некалькi дзён запар Беларуская тэлевізія дэманструе сюжэты зь берасьцейскiх пунктаў мытнага й памежнага кантролю, што на мяжы з Польшчаю. Нагодаю для гэтых рэпартажаў зьяўляецца тое, што на беларуска-польскiх памежных пераходах рэзка павялiчылiся чэргi аўтатранспарту, уладальнiкi якога жадаюць трапiць зь Беларусi на Захад. Так, на пераходзе «Варшаўскi мост» на пачатку гэтага тыдня чарга складала каля чатырох кiлямэтраў, а на пераходзе «Казловiчы-Кукурыкi», якi абслугоўвае грузавы аўтатранспарт, — шэсьць кiлямэтраў.

Беларускiя памежнiкi сьцьвярджаюць, што гэтыя чэргi створаныя штучна i падазраюць, што пад выглядам барацьбы з кантрабанднымi перавозкамi сьпiртовых i тытунёвых вырабаў польскi бок фактычна абмяжоўвае ўезд грамадзянаў Беларусi ды iншых краiнаў СНД на сваю тэрыторыю. Пры гэтым сярод кiроўцаў аўтамабiляў, якiя стаяць у чарзе, ужо распаўсюджваюцца чуткi, што на Каляды рух транспарту праз памежныя пераходы увогуле будзе забаронены, а з новага году Польшча ўводзiць больш жорсткi парадак перасячэньня межаў сваёй дзяржавы iншаземнымi грамадзянамi.

У Генэральным кансуляце Рэспублiкi Польшча ў Берасьцi паведамiлi, што нiчога ня ведаюць пра зьмены, якiя тычацца ўезду ў гэтую краiну й нiбыта будуць уведзены зь 1 студзеня 2001 году. Разам з тым супрацоўнiк консульскае ўстановы нагадаў, што Польшча сапраўды плянуе ўвесьцi абавязковы вiзавы рэжым для грамадзянаў Беларусi, але адбудзецца гэта не раней за другую палову наступнага году.

Спадар Вуйчык, прэсавы сакратар памежнае варты ў польскiм горадзе Хэльме, якая кантралюе рух аўтатранспарту на пераходах «Варшаўскi мост» i «Казловiчы-Кукурыкi», паведамiў, што польскi бок не прызнае сваёй вiны ў стварэньнi вялiкiх чэргаў на мяжы. Паводле ягоных словаў, напярэдаднi Калядаў колькасьць жадаючых трапiць у Польшчу традыцыйна ўзрастае, але i ў гэтым годзе такi рост пачаўся раней, чым плянавалася. Што да пытаньня наконт зачыненьня польскiм бокам мяжы зь Беларусьсю ў час сьвяткаваньня Калядаў i Новага году, дык яно выклiкала ў спадара Вуйчыка зьдзiўленьне: ён сьцьвярджае, што ўсе памежныя пераходы будуць адчыненыя i нiякiх праблемаў з гэтае прычыны не чакаецца.

XS
SM
MD
LG