Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

(эфір 14 сьнежня)
Аляксандар Баран, пастар эвангэльскае царквы «Воля Iicуса», аштрафаваны судом Ленiнскага раёну Берасьця на 150 мiнiмальных заробкаў. Гэтае пакараньне вынесена лiдэру мясцовай пратэстанцкай абшчыны за тое, што сьвяточнае набажэнства адбывалася ў памяшканьнi, на якое ня быў атрыманы дазвол з гарвыканкаму.

Пастар Аляксандар Баран двойчы зьвяртаўся ў Берасьцейскi гарадзкі выканкам зь просьбаю дазволiць эвангэльскай царкве «Воля Iiсуса» правесьцi сьвяточныя набажэнствы з нагоды 2000-годзьдзя хрысьцiянства. Дзеля гэтага была замоўленая арэнда вялiкага памяшканьня, бо плянавалася, што ў набажэнствах возьме ўдзел больш за 500 чалавек.

Але ўсе папярэднiя дамоўленасьцi ў арэндзе былi скасаваныя мясцовай «вэртыкальлю»: у выканкаме палiчылi, што для правядзеньня набажэнства дастаткова актавае залi ў рачным порце, якi арэндуе пратэстанцкая абшчына.

Спробы давесьцi, што гэтая заля, разьлiчаная на 90 месцаў, ня здолее прыняць усiх жадаючых, посьпеху ня мелi. Таму пастар Аляксандар Баран вырашыў не зьвяртацца ў трэцi раз у гарадзкі выканкам, а накiраваў у мясцовы аддзел у справах рэлiгiяў i нацыянальных мяншыняў паведамленьне, што сход вернiкаў адбудзецца ў iншым, больш зручным памяшканьнi.

Набажэнства прайшло ў прысутнасьцi некалькiх соцень чалавек i з удзелам амэрыканскага пастара Робэрта Гэнсана, якi меў афiцыйны дазвол ад уладаў. Пад час гэтага набажэнства адбыўся музычны канцэрт i быў зарганiзаваны збор ахвяраваньняў на патрэбы мясцовых iнвалiдаў. Пасьля імпрэзы нiякiх заўвагаў у адрас арганiзатараў выказана не было.

Тым ня менш, праз два тыднi спадара Барана выклiкалi ў Берасьцейскi гарадзкі выканкам i склалi на яго пратакол пра адмiнiстрацыйнае правапарушэньне. Пастар быў зьвiнавачаны ў парушэньнi парадку арганiзацыi i правядзеньня сходаў ды iншых масавых акцыяў.

Артыкул 167-мы Кодэксу ў адмiнiстрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу памерам ад 10-цi да 150-цi мiнiмальных заробкаў. Судзьдзя Ларыса Назарэнка, якая разглядала гэтую справу, вырашыла, што парушэньне заканадаўства з боку пастара пратэстанцкай абшчыны было вельмi сур'ёзным, а таму прысудзiла яму максімальны памер штрафу — ён складае 540 тысячаў рублёў.

Пастар Аляксандар Баран сваёй вiны не прызнае i зараз з дапамогаю берасьцейскiх праваабарончых арганiзацыяў рыхтуе адпаведную скаргу ў абласны суд.

XS
SM
MD
LG