Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле вынікаў апошняга сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, 41,5% беларускіх грамадзянаў не жадае, каб Аляксандар Лукашэнка кіраваў краінаю яшчэ адзін тэрмін. Жадае гэтага крыху больш як траціна беларусаў — 36,1%, а сярод прадстаўнікоў эліты — увогуле толькі 3,8%.

Агульнанацыянальнае сацыялягічнае апытаньне, праведзенае ў лістападзе Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, паказала, што Аляксандру Лукашэнку ўдалося крыху ўзняць свой рэйтынг — прыблізна на 5%. У лістападзе за яго прагаласавала б каля 38% апытаных.

Аднак гэты рост няўстойлівы, ён дасягнуты, верагодна, за кошт шумнае прапагандысцкае кампаніі пра падвышэньне сярэднямесячнага заробку да 100 даляраў, ды гучнымі "разборкамі" з "вэртыкальлю". Адначасова працягваецца рост незадаволеных тым, як Лукашэнка кіруе краінаю, — да 36% ад апытаных.

Такім чынам, на сёньня грамадзтва аказалася падзеленым на дзьве прыблізна роўныя групы. Пры гэтым, цьвёрдых прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі (якія гатовыя і галасаваць за яго, і давяраюць, і лічаць ідэалам палітыкі) значна менш, чым ягоных пасьлядоўных праціўнікаў — 18,5% супраць 32,5%.

Відавочна, што беларускае грамадзтва чакае новага лідэра. На пытаньне сацыёлягаў, зададзенае наўпрост: "Ці жадаеце вы, каб А.Лукашэнка быў прэзыдэнтам краіны яшчэ адзін тэрмін?" — станоўча адказалі толькі 36,1% рэспандэнтаў, адмоўна — 41,5%.

Гаворыць намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

"Перад прэзыдэнцкімі выбарамі Аляксандар Лукашэнка адчуў сваю залежнасьць ад "вэртыкалі". Гэта стварае перадумовы для пошуку кампрамісу паміж апазыцыяй і часткаю намэклятуры, якая незадаволеная сваім становішчам".

(Карэспандэнт: ) "Аднак, ці змогуць апанэнты рэжыму выкарыстаць гэтую незадаволенасьць паловы грамадзтва й 90% эліты кіраваньнем Лукашэнкі?"

(Сасноў: ) "Зусім відавочная тэндэнцыя зьніжэньня гатоўнасьці падтрымліваць існуючую ўладу не азначае аўтаматычнае падтрымкі альтэрнатывы. Неабходная ўмова для гэтага — прадастаўленьне грамадзтву такой альтэрнатывы — папулярнага і ўплывовага канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі".

(Карэспандэнт: ) "Пры тым, што больш як 36% апытаных хацелі б бачыць на пасадзе прэзыдэнта іншага, чым Лукашэнку, палітыка, 44,5% мяркуе, што бальшыня прагаласуе за Лукашэнку. Чаму?"

(Сасноў: ) "Грамадзтва ня верыць у магчымасьць правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў — толькі 32% рэспандэнтаў дапускаюць гэта".

Як паказала апытаньне, рэальную канкурэнцыю Лукашэнку на выбарах можа стварыць толькі незалежны кандыдат, гэткі "беларускі Каштуніца" — партыйныя дзяячы дастатковае падтрымкі ў грамадзтве ў цэлым і сярод эліты ня маюць. Аляксандар Сасноў працягвае:

"Надзвычай важная выснова ў тым, што для перамогі над Лукашэнкам ягоным праціўнікам трэба ня толькі рашуча аб'яднацца, пакінуўшы ў баку свае амбіцыі, але й выйсьці за межы ўласна палітычнай апазыцыі ды стварыць Грамадзянскую кааліцыю, у якой былі б прадстаўленыя ўсе структуры грамадзянскае супольнасьці. Пратэстны электарат складае ўжо ля паловы ўсіх выбаршчыкаў, і ён гатовы выказваць свой пратэст пераважна праз выбары".

Гэта быў Аляксандар Сасноў.

Сярод магчымых кандыдатаў на ролю "беларускага Каштуніцы" рэспандэнты ад эліты называлі Міхала Чыгіра, Сямёна Домаша, Вінцука Вячорку, Міхала Ляонава, Анатоля Лябедзьку, Станіслава Шушкевіча, Івана Каратчэню ды іншых. Сярод прадстаўнікоў эліты за Лукашэнку гатовы галасаваць толькі 1,9% апытаных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG