Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Чарнобыльская АЭС

Сёньня ў 13 гадзін 15 хвілінаў прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма аддаў дырэктару Чарнобыльскай атамнай станцыі Віталю Таўстаногаву загад спыніць апошні, трэці рэактар АЭС. Перагорнутая апошняя старонка ядзернага аб'екту, што спрычыніў найбуйнейшую катастрофу прайшоўшага стагодзьдзя. Са станцыі перадае наш карэспандэнт Казімер Яноўскі.

Да спыненьня апошняга энэргаблёку атамнай станцыі Ўкраіна без перабольшаньня прыцягнула ўвагу усёй сусьветнай супольнасьці, каб пацьвердзіць, што годна трымае слова, дадзенае лідэрам "Вялікай сямёркі" і Эўразьвязу. На цырымонію закрыцьця станцыі прыехалі кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі, прадстаўнікі энэргетычных ведамстваў ЗША, Бэльгіі, Польшчы, міжнародныя экалягічныя арганізацыі, дыпляматы. Было акрэдытавана каля 500 журналістаў з розных краінаў.

А дзясятай гадзіне ў Сафійскім соборы Кіеву Леанід Кучма і госьці прысутнічалі на малебне памяці ахвяраў Чарнобылю. Апоўдні галоўнае дзейства перамясьцілася ў Нацыянальны палац. Паміж палацам з дапамогай Эўрабачаньня і ўкраінскага каналу быў устаноўлены тэлемост з пультам кіраваньня трэцім энэргаблёкам Чарнобыльскай атамнай станцыі. У 13 гадзін 15 хвілін прэзідэнт Кучма загадаў дырэктару станцыі Таўстаногаву спыніць атамны рэактар. Каманда была перададзена апэратару, які і выключыў спэцыяльна запушчаны ўчора ўвечары для цырымоніі трэці энэргаблёк. Пасьля акту выключэньня Леанід Кучма зачытаў адмысловы зварот да нацыі, іншых народаў, усёй сусьветнай супольнасьці. Украіна, безумоўна, разьлічвае на поўнае выкананьне "Вялікай сямёркай" і Эўразьвязам абавязальніцтваў фінансавай падтрымкі сваіх намаганьняў.

Але фінансавыя плыні ізноў абыйдуць Беларусь, хаця на яе тэрыторыю выпала 70 адсоткаў радыенуклідаў ў выніку выбуху на чацьвертым рэактары Чарнобыльскай станцыі. Пацярпела пятая частка насельніцтва. Аднак беларускія ўлады і на гэты раз не заяўляюць аніякіх прэтэнзіяў ні на кампэнсацыі, ні на інвэстыцыі ў пашкоджаную Чарнобылем эканоміку. Аляксандар Лукашэнка ў сёньняшнім пасланьні да ўкраінскага прэзыдэнта толькі ўхваляе ягоны крок ў справе кансэрвацыі ядзернага рэактару, а прэм'ер-міністар Ярмошын, які знаходзіцца ў Кіеве на цырымоніі, абмяркуе, як паведаміла дзяржаўнае радыё, з украінскім калегам Юшчанкам беларускі доўг сваёй паўднёвай суседцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG