Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску зрабіла адмысловую заяву пра абвінавачаньні ў ейны бок старшыні КГБ Леаніда Ерына. Сёньня ж адбылася сустрэча міністра замежных справаў Міхала Хвастова з амбасадарам Францыі Бэрнарам Фасье, якія абмеркавалі апошнія скандалы з абвінавачваньнямі КГБ ды Беларускае тэлевізіі на адрaс заходніх дыпляматаў у Менску.

У распаўсюджанай ў Менску ў пятніцу заяве Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ паведамляецца, што гэтая група лічыць вельмі сур'ёзным пытаньне пра апошнія публічныя заявы кіраўніка беларускага КГБ, які абвінаваціў КНГ АБСЭ ў дзеяньнях па-за межамі ейнага мандату ды падтрымцы антыпрэзыдэнцкіх палітычных структураў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

КНГ АБСЭ асабліва падкрэсьлівае, што працуе толькі ў межах свайго мандату ды выконвае Мэмарандум 1997 году паміж АБСЭ ды ўрадам Беларусі.

Кіраўнік КНГ Ганс-Георг Вік заявіў: "З 1997 году КНГ была надзеленая мандатам дапамагаць беларускім уладам у прасоўваньні дэмакратычных інстытутаў ды ў датрыманьні іншых забавязаньняў АБСЭ". Спадар Вік дадаў, што ягоная група мае права назіраць за дзейнасьцю ў гэтых галінах і рабіць справаздачы Сталай радзе АБСЭ:

"Нашыя дзеяньні ў Беларусі накіраваныя выключна на падтрымку разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў", — зазначыў амбасадар Вік. "Гэта ўключае парады ўраду ды ягоным інстытутам што да свабодных і справядлівых выбараў, а таксама дыялёг з палітычнымі партыямі апазыцыі ды парады палітычным партыям і няўрадавым арганізацыям", — сказаў кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі.

Паводле заявы КНГ, спадар Вік растлумачыў, што ягоная група аказвае падтрымку канфэрэнцыям і праграмам — такім, як падрыхтоўка назіральнікаў на выбарах ды ажыцьцяўленьне такое дзейнасьці няўрадавымі арганізацыямі. Гэта ўжо рабілася як на мяйсцовых выбарах у красавіку 1999 году, гэтак і на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2000-га, зазначае КНГ АБСЭ ў Беларусі й дадае, што гэтая дзейнасьць шмат разоў ухвалялася дзейнымі старшынямі АБСЭ ды Сталай радаю АБСЭ.

Амбасадар Вік нагадвае, што кіраўнікі дзяржаваў ды ўрадаў 54 краінаў АБСЭ падпісалі на Стамбульскім саміце 1999 году супольную дэклярацыю, дзе выказалі моцную падтрымку працы КНГ АБСЭ ў Беларусі. "Аляксандар Лукашэнка браў поўны ўдзел у Стамбульскім саміце АБСЭ, гэткім чынам ясна заахвочваючы актыўную ролю Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў падтрымцы разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў", — гаворыцца ў заяве КНГ АБСЭ, што была распаўюджаная сёньня ўвечары.

Як паведаміў мне міністар замежных справаў Міхал Хвастоў, сёньня ўраніцу ён меў сустрэчу з францускім амбасадарам Бэрнарам Фасье. Беларускі віцэ-прэм'ер ды афіцыйны прадстаўнік усяго ЭўраЗьвязу абмяняліся думкамі наконт абвінавачваньняў з боку Беларускае тэлевізіі, падмацаваных надоечы старшынём КГБ Леанідам Ерыным, на адрэсу Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі ды колішняга амэрыканскага амбасадара ў Менску Дэніэла Спэкгарда, які нібыта заклікаў менавіта Эўрапейскі Зьвяз ўвесьці супраць Беларусі санкцыі.

Спадар Хвастоў разглядае сёньняшнюю сустрэчу як падрыхтоўку да гутаркі з кіраўніком групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Беларускі міністар замежных справаў паўтарае, што афіцыйны Менск не задаволены асобнымі дзеяньнямі ўсёй Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе ды ейнае Кансультацыйна-назіральнае групы ў Беларусі. Але ён таксама паўтарае, што ацэнкі тэлевізіі — усяго толькі ацэнкі тэлевізіі.

XS
SM
MD
LG