Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька была выкліканая ў пракуратуру для дачы тлумачэньняў з прычыны заявы БГК у справах зьніклых палітыкаў.

Сёньня Тацяне Процьцы давялося даваць тлумачэньні ў пракуратуры Беларусі. Старшыню БГК выклікаў туды на размову пракурор Станіслаў Новікаў, які назірае за тым, як беларускія газеты выконваюць законы. Як высьветлілася, падстава да пракурорскіх прэтэнзіяў — нядаўняя заява БГК, надрукаваная ў газэзе "Свободные новости".

Праваабаронцы ў гэтай заяве адрэагавалі на вядомы ліст ананімнага супрацоўніка КГБ, які сьцьвярджаў, што кіраўніцтва краіны ўмешваецца ў расьсьледваньне справаў зьніклых палітыкаў. Таксама аналізавалася прамова Аляксандра Лукашэнкі ў КГБ, якая была паказаная беларускай тэлевізіяй.

БГК ўспрыняў простыя ўказаньні Лукашэнкі сьледчым у справах зьніклых "недапушчальным і незаконным ўмяшаньнем у справы" і выказаў занепакоенасьць тым, што, "асабістае ўмяшаньне прэзыдэнта паралізуе памкненьні сьледчых да аб'ектыўнага й поўнага высьвятленьня фактаў".

І вось сёньня Тацяне Процьцы давялося тлумачыць, што мелася на ўвазе. У тым ліку і паўтараць, што Беларускі Гэльсынскі камітэт ня мае ніякіх зьвестак пра лёс Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага ды ня мае намеру сам ўмешвацца ў расьсьледваньні справаў гэтых людзей.

Камэнтуючы для радыё Свабода свой вымушаны візыт у пракуратуру, Тацяна Процька сказала:

(Процька: ) "Калі ў нас столькі пытаньняў аб выкананьні нашага заканадаўства па ўсіх пазыцыях – рэлігійнага, грамадзкіх аб'яднаньняў, выбарчага кодэксу, дзе пракуратура павінна сачыць за выкананьнем гэтага заканадаўства. А тут мне было сказана, што ў мяне просяць тлумачэньняў, бо пракуратура не зразумела, што маецца на ўвазе. Я магу сказаць, што на жаргоне апэратыўных працаўніклў гэта называецца "прафілакціраваніе".

Гэта была старшыня БГК Тацяна Процька, якая сёньня давала тлумачэньні ў пракуратуры краіны.

XS
SM
MD
LG