Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Чарнобыльская АЭС

Сёньня, за суткі да закрыцьця, Чарнобыльскую атамную электрастанцыю і горад Славуціч наведалі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, кіраўнікі ягонага ўраду, прэм'еры Беларусі Ўладзімер Ярмошын і Расеі Міхаіл Касьянаў, міністар энэргетыкі ЗША Біл Рычардсан, прадстаўнікі шэрагу замежных краінаў, міжнародных арганізацыяў, дыпляматы, што акрэдытаваны ў Кіеве. З месца падзеі перадае наш карэспандэнт Казімір Яноўскі.

Інфармацыю адносна сытуацыі на атамнай станцыі высокім гасьцям даваў ейны дырэктар Віталь Таўстаногаў. Адзіны працуючы энэргаблёк № 3 быў спынены яшчэ 6 сьнежня – спрацавала аўтаматычная аварыйная ахова. Сёньня а 20-й гадзіне пэрсанал станцыі з дазволу інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня выводзіць трэці энэргаблёк на мінімальны кантралюемы ўзровень, але без уключэньня ў энэргасыстэму Ўкраіны. Заўтра ж на загад Леаніда Кучмы, які ён дасьць з Кіеву, энэргаблёк будзе спынены назаўсёды.

У сувязі са стратай 5 адсоткаў электраэнэргіі – акурат столькі вырабляў трэці энэргаблёк, краіны Эўразьвязу фінансуюць у памеры 230 мільёнаў даляраў падвышэньне кампэнсуючых магутнасьцей на Хмяльніцкай і Ровенскай станцыях.

Дэпартамэнт энэргетыкі ЗША, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця спрычыніліся да фінансаваньня будаўніцтва аб'ектаў, якія неабходныя, каб бясьпечна вывесьці з эксплюатацыі ўсе тры ацалелыя энэргаблёкі Чарнобыльскай атамнай станцыі. Ужо ў сакавіку наступнага году адчыніцца першы з новых аб'ектаў – прамыслова-ацяпляльны комплекс, дзе атрымаюць працоўныя месцы 90 чалавек.

Дапаўняе намесьнік галоўнага інжынэра ЧАЭС Андрэй Шацман.

(Шацман: ) "Другі аб'ект, які будуецца ў нас на прампляцоўцы, і які цесна зьвязаны з вывадам з эксплюатацыі энэргаблёкаў, – гэта сховішча №2 адпрацаванага ядзернага паліва. Вы, пэўна, бачылі, калі праяжджалі. Гэта сховішча будуецца міжнародным кансорцыюмам Framatome. Завяршэньне – у сьнежні 2003 году. Як толькі сховішча будзе падрыхтаванае, мы пачнем вывозіць ядзернае паліва з трэцяга блёку. Да гэтага часу ядзернае паліва на трэцім, а таксама другім і першым блёках будзе захоўвацца ў той колькасьці, якая ёсьць зараз,"

– сказаў намесьнік галоўнага інжынэра ЧАЭС спадар Шацман.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG