Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Замест абвержаньня інфармацыі Беларускае тэлевізіі пра заклік увесьці санкцыі супраць Беларусі, што нібыта зрабіў былы амбасадар ЗША ў Менску Дэніэл Спэкгард у часе прамовы ў нямецкім горадзе Гарміш-Партэнкірхэне, амэрыканская амбасада атрымала афіцыйнае пацьверджаньне гэтай інфармацыі старшынём КГБ. Кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік заявіў радыё Свабода, што кампанія паклёпу працягваецца.

Беларуская тэлевізія, якое паказала фрагмэнт прамовы старшыні КГБ Леаніда Ерына з новымі абвінавачваньнямі на адрэсу амэрыканскіх дыпляматаў, чамусьці не паведаміла, што спадар Ерын падтрымаў і ранейшыя тэлевізійныя атакі.

У мінулую пятніцу БТ абвесьціла, што колішні амбасадар ЗША ў Менску Дэніэл Спэкгард, выступаючы ў Цэнтры Маршала ў баварскім горадзе Гарміш-Партэнкірхэне, нібыта заклікаў ЭўраЗьвяз да санкцыяў супраць Беларусі. Амэрыканская амбасада ў Менску катэгарычна абвергла гэтае паведамленьне, назваўшы яго "суцэльнай хлусьнёй" ды падкрэсьліўшы, што спадар Спэкгард цягам апошніх трох год у Гарміш-Партэнкірхэне ня быў.

Аднак учора кіраўнік КГБ афіцыйна заявіў, што заява Спэкгарда ў Цэнтры Маршала (цытую агэнцыю "Интерфакс") "мела месца". Такім чынам, КГБ абвяргае зробленае амэрыканцамі абвержаньне.

Я патэлефанаваў у амбасаду ЗША ў Менску ды спытаў, ці будзе новае абвяржэньне.

(Саламаха: ) "Мы яшчэ раз скіроўваем Вас да той заявы, якія была зробленая амбасадай, і якая была заснаваная на непасрэдным кантакце з паслом Спэкгардам. У заяве, якую амбасада выдала дзень таму, мы казалі аб тым, што пасол Спэкгард ніколі не рабіў тых заяваў, якія былі яму прыпісаныя".

Паведаміў Аляксей Саламаха, супрацоўнік інфармацыйнае службы амэрыканскае амбасады ў Менску.

А вось як адрэагаваў на прамову старшыні КГБ кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік, які ўжо вярнуўся ў Менск.

(Вік: ) "Кампанія паклёпу, што мела месца ў мінулы ўікэнд, зараз працягваецца. Я магу сказаць яшчэ раз — Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ, паводле заяваў дзейнага старшыні АБСЭ ды ейнае сталае рады, выконвае свой мандат і не парушае яго",

— заявіў амбасадар Вік.

На маю просьбу пракамэнтаваць заяву першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Замяталіна пра тое, што "АБСЭ мусіць садзейнічаць урадам, уладам у выкананьні міжнародных правілаў, законаў, а не аказваць дапамогу падрыўным арганізацыям, апазыцыі для расхістваньня ўлады", Ганс-Георг Вік адказаў гэтак:

(Вік: ) "Заява ня ёсьць слушнаю, бо наш мандат — дапамагаць у разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў ды назіраць за адпаведнасьцю краіны ейным міжнародным забавязаньням".

Я таксама спытаў амбасадара Віка, ці ёсьць нейкая розьніца паміж абвіначваньнямі з боку Беларускае тэлевізіі ды з боку Камітэту дзяржаўнае бясьпекі…

(Вік: ) "У структуры гэтае краіны, дзе тэлевізія кантралюецца дзяржаваю ды знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы, розьніцы няма",

— мяркуе кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі.

На маё пытаньне, ці можа ён пацьвердзіць, што неўзабаве адбудзецца ягоная сустрэча зь міністрам замежных справаў Міхалам Хвастовым, амбасадар Вік адказаў гэтак:

(Вік: ) "Гэта натуральная рэч — мая сустрэча з новым міністрам замежных справаў. Я папрасіў пра сустрэчу ў той самы момант, калі яго прызначылі".

Але Ганс-Георг Вік адмовіўся паведаміць, калі менавіта пройдзе такая сустрэча ды якія пытаньні пад час яе могуць абмяркоўвацца…

XS
SM
MD
LG