Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Новы старшыня КГБ Беларусі Леанід Ерын абвінаваціў дыпляматычных прадстаўнікоў ЗША і КНГ АБСЭ ў парушэньні міжнародна-праўных актаў і фінансавай падрымцы "радыкальнай апазыцыі". Ці будуць гэтыя заявы мець нейкі працяг, ані ў КГБ, ані ў МЗС Беларусі не паведамляюць.

Выступ Леаніда Ерына на сэмінары кіраўнічых кадраў, прысьвечаным нацыянальнай бясьпецы, што прайшоў 13 сьнежня, можна ацаніць як пачатак выкананьня задачаў, надоечы пастаўленых перад КГБ Аляксандрам Лукашэнкам. Ерын пераняў нават асобыя слоўцы ад Лукашэнкі, — як, напрыклад, "сьвядомыя" (па беларуску, з тонам грэблівасьці. — Рэд.), якім ён называе прадстаўнікоў беларускай апазыцыі.

Праўда, апазыцыя гэтым разам была толькі фонам для абвінавачваньняў у бок замежных дыпляматычных місіяў. Аб'ектам № 1 сталі ЗША. Паводле словаў Ерына, "вызначальная роля" належыць абвешчанай некалькі гадоў таму ў ЗША палітыцы абмежаваных кантактаў у адносінах да Беларусі й ціску ЗША на эўрапейскія краіны з мэтаю паглыбіць ізаляцыю Беларусі. Пры гэтым Леанід Ерын заявіў, што дыпляматычныя прадстаўнікі ЗША паставілі сябе "па-над нормамі беларускага заканадаўства й міжнароднага права".

Гэтыя заявы Ерына тычыліся былога амбасадара ЗША Дэніэла Спэкгарда й двух ягоных папярэднікаў. У перавышэньні паўнамоцтваў Леанід Ерын абвінаваціў і Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ, якая, паводле словаў Ерына, "парушае ўсе міжнародна-праўныя акты, пачынаючы ад Гэльсынскага акту 1976 году да Мэмарандуму ў статусе КНГ АБСЭ ў Беларусі".

Леанід Ерын прызнаўся, што гэтая занепакоенасьць ягонага ведамства зьвязаная з падрыхтоўкаю да прэзыдэнцкіх выбараў. Сёлета пад час выбараў у парлямэнт, паводле словаў Ерына, было зканфіскавана каля паўмільёны друкаваных выданьняў, выкрытыя мэханізмы й каналы замежнае фінансавае дапамогі "палітызаваным экстрэмісцкім групоўкам"…

КГБ ўдалося, — паводле словаў Ерына, — лёкалізаваць дзейнасьць незарэгістраваных моладзевых фармаваньняў ("Край", "Белы Легіён", "РНЕ", Беларуская Партыя Свабоды) і выявіць прыкметы ўцягваньня прафсаюзаў у дэстабілізацыю краіны напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Такім чынам КГБ, — як падсумаваў Леанід Ерын, — "чакае сапраўдная бойка, самая сур'ёзная, тая праца, якая праведзеная ў парлямэнцкіх выбарах, ні якое параўнаньне ня йдзе з тым, што нам давядзецца вытрымаць у наступным годзе".

Ці будуць мець нейкія наступствы для замежных дыпляматычных місіяў гэтыя надзвычай сур'ёзныя абвінавачваньні, у цэнтры грамадзкіх сувязяў КГБ адказаць не змаглі:

(Котаў: ) "Без камэнтароў".

(Карэспандэнт: ) "Зусім ніякіх?"

(Котаў: ) "Зусім ніякіх".

— гэта быў кіраўнік цэнтру інфармацыі ды грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў.

У Міністэрстве замежных справаў таксама адмаўляюцца камэнтаваць заявы Ерына, але прызнаюць, што праблемы дзейнасьці КНГ АБСЭ будуць неўзабаве абмяркоўвацца пад час сустрэчы ейнага кіраўніка Ганса-Георга Віка зь міністрам Міхалам Хвастовым.

Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) "Некаторыя дзеяньні Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску міністэрства замежных справаў Беларусі і ўрад Беларусі могуць лічыць як тыя, што выходзяць за рамкі мандату. Аб гэтым мы будзе гаварыць, у тым ліку з кіраўніцтвам КНГ АБСЭ пад час сустрэчы ў міністэрстве замежных справаў Беларусі".

Павал Латушка зазначыў, што пытаньне пра прымусовае спыненьне дзейнасьці ў Беларусі КНГ АБСЭ "не ўздымаецца".

XS
SM
MD
LG