Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сьнежня 2000 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

1600, Пэнсыльванія авэню – адрас Белага Дому, які праз пяць тыдняў стане новай рэзыдэнцыяй Джорджа W і Лёры Буш. Губэрнатар штату Тэхас стаў 43-м прэзыдэнтам ЗША, прайграўшы ў галасаваньні папулярнасьці, але набраўшы 271 голас у калегіі выбаршчыкаў. На сувязі нашая вашынгтонская карэспандэнтка…

Учора кандыдат ад Дэмакратычнай партыі, віцэ-прэзыдэнт Альбэрт Гор затэлефанаваў Джоджу Бушу-малодшаму і саступіў яму выбары. Прыкладна а дзявятай гадзіне ўвечары паводле мясцовага часу Альбэрт Гор зьвярнуўся да нацыі, пачаўшы свой зварот з жарту, што ён абяцае не тэлефанаваць больш Джорджу Бушу, такім чынам згадаўшы два тэлефоны Бушу ў дзень выбараў, калі Гор спачатку павіншаваў губэрнатара з перамогай, а потым адклікаў сваё віншаваньне.

Віцэ-прэзыдэнт выступіў з вельмі ўзважаным і стылёва вытрыманым зваротам, у дастатковай ступені пэрсанальным і чалавечым. Ён падзякваў усім, хто падтрымліваў яго, і выказаў асаблівую падзяку свайму паплечніку, кандыдату ў віцэ-прэзыдэнты Джо Лібэрману за яго падтрымку і прафэсіяналізм. Гор адзначыў, што ён не пагаджаецца з рашэньнем Вярхоўнага Суду ЗША, але глыбока паважае гэтае рашэньне і цяпер гатовы працаваць побач з новым прэыздэнтам ЗША на карысьць амэрыканскага народу. Альбэрт Гор лічыць, што патрыятызм вышэй за палітычную прыналежнасьць, а тое, што нас аб'ядноўвае, большае, чым тое, што нас падзяляе, сказаў Гор і выказаў шкадаваньне, што ён больш ня будзе мець такіх магчымасьцяў ажыцьцявіць свае праекты і змагацца за лепшае жыцьцё для ўсіх грамадзянаў Амэрыкі:

(Гор: ) "Толькі што я размаўляў з Джорджам Бушам і павіншаваў яго з абраньнем 43-м прэзыдэнтам ЗША. Я запрапанаваў як мага хутчэй сустрэцца і пачаць размовы, каб пераадолець падзелы, якія паўсталі ў выніку кампаніі і вострай выбарчай барацьбы. Я сказаў прэзыдэнту, які абараны, Бушу, што ўсё, што нас дзеліць, павінна быць адкінутае, і няхай Бог блаславіць ягонае кіраваньне гэтай краінай. Я абсалютна не пагаджаюся з пастановай Вярхоўнага Суду краіны, але я прыймаю яго. Я прыймаю вынік выбараў, які будзе зацьверджаны ў наступны панядзелак Калегіяй выбаршчыкаў. Сёньня ў імя адзінства нашага народу і нашай дэмакратыі я прызнаю сябе пераможаным".

Віцэ-прэзыдэнта чакаюць сьвяты, якія ён правядзе разам з сям'ёй і блізкімі людзьмі. Што ж да палітычнай будучыні Альбэрта Гора, то сам віцэ-прэыздэнт сказаў, што пакуль ня мае канкрэтных плянаў. Але шэраг аналітыкаў і камэнтатараў чакаюць, што ён будзе добра прыняты дэмакратычнай партыяй і мае шанцы пазмагацца за намінацыю праз чатыры гады.

Галоўнай тэмай выступу Гора стала ідэя кансалідацыі і паразуменьня. Нацыя павінна аб'яднацца і працаваць разам з новым прэзыдэнтам на будучыню.

А дзясятай гадзіне паводле мясцовага часу з залі паседжаньняў заканадаўчага воргану штату Тэхас да нацыі зьвярнуўся новы прэзыдэнт ЗША Джордж W Буш. Пасьля доўгіх і шчырых падзякаў усім, хто працаваў зь ім цягам перадвыбарчай кампаніі, а таксама тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру, Джордж Буш таксама зьвярнуўся да Кангрэсу ЗША і нацыі з пажаданьнем працаваць разам дзеля лепшай будучыні краіны. Ён зазначыў, што перад краінай стаяць праблемы, якія патрабуюць вырашэньня, – сыстэма сацыяльнай абароны, мэдычнае страхаваньне ды іншыя, і могуць яны быць вырашаныя толькі ў сумеснай працы і ў атмасфэры ўзаемапаразуменьня:

(Буш W: ) "Віцэ-прэзыдэнт Гор і я шмат сэрца і надзеі ўклалі ў гэтую кампанію. Мы аднолькава перажывалі гэта. І таму я разумею, які гэта цяжкі момант для яго і для яго сям'і. Ён надзвычай заслужаны чалавек для нашай краіны спачатку ў якасьці кангрэсмэна, пазьней сэнатара і ўрэшце віцэ-прэзыдэнта. Сёньня вечарам мне пазваніў спадар віцэ-прэзыдэнт. Мы вырашылі сустрэцца на наступным тыдні ў Вашынгтоне і разам працаваць над лячэньнем нашай краіны, якая падзялілася пад час гэтай кампаніі".

Амэрыканцы падзяляюць надзеі, задачы і каштоўнасьці больш значныя, чым палітычныя разыходжаньні, падкрэсьліў Буш.

Камэнтатары пагаджаюцца, што гэта будзе няпростае прэзыдэнцтва для губэрнатара Тэхасу – падзеленая нацыя, роўная колькасьць дэмакратаў і рэспубліканцаў у Сэнаце і нязначная перавага ў 9 месцаў рэспубліканцаў у Кангрэсе. Такія ўмовы наўрад ці дазволяць Джорджу Бушу-малодшаму правесьці радыкальныя праекты і запатрабуюць ад яго якасьцяў сапраўднага лідэра нацыі, гатовага ісьці на кампраміс і саступкі.

XS
SM
MD
LG