Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Сяргей Шупа

Гэтымі днямі ў польскай Gazecie Wyborczej зьявілася некалькі публікацыяў на беларускія тэмы.

Беларускі прэзыдэнт не дазваляе сябе судзіць, — гэткую выснову вынес у загаловак свайго артыкулу карэспандэнт Gazety Wyborczej у Менску Цэзары Галінскі. У слушнасьці гэтай высновы пераканаўся на сваёй скуры Анатоль Лябедзька, які паспрабаваў прыцягнуць спадара Лукашэнку ў суд за публічны паклёп. Лукашэнка быў заявіў, што Лябедзька атрымаў ад Захаду паўтары тысячы даляраў на правядзеньне масавых акцыяў.

«Раённы суд Партызанскага раёну наагул не прыняў Лябедзькаву позву, — працягвае Gazeta Wyborca, — Прычына — грам. Лукашэнка на тэрыторыі гэтага раёне не пражывае. (Прэзыдэнтаў адрас — гэта сапраўды адна з найбольш пільна хаваных таямніцаў, і ніхто да канца ня ведае, дзе Аляксандар Лукашэнка прапісаны — у вёсцы Рыжкавічы, у сталічнай рэзыдэнцыі на Карла Маркса, 38, або ў адной з загарадных рэзыдэнцыяў).

Тады Лябедзька зьвярнуўся да іншага суду — Фрунзэнскага раёну. На складаньне судом фармулёўкі пайшло два месяцы. «Словы спадара Лукашэнкі — гэта асабістае меркаваньне публічнай асобы, выказанае ёю ў стылі адкрытай дыскусіі», — заявіў суд і адхіліў позву. — Судзьдзяў, як нейкіх дурняў, прымушаюць пісаць цалкам непрафэсійныя адказы. Той, які я атрымаў, я лічу сваёй вялікай перамогай, — сказаў Лябедзька. Надалей ён зьбіраецца зьвярнуцца ў менскі гарадзкі, а калі спатрэбіцца — і ў Найвышэйшы Суд».

Сам Аляксандар Лукашэнка наконт сваёй непадсуднасьці заявіў наступнае: «Судзіць мяне будуць толькі тады, калі мне адмовіць у даверы народ». «Кіруе Беларусьсю ён ужо шэсьць гадоў, хоць мусіў пяць. Дзякуючы «народнаму даверу» — згодна з вынікамі непрызнанага ў сьвеце рэфэрэндуму — ён працягнуў свой тэрмін на два гады. Калі народ наступнай восеньню зноў выкажа свой давер цяперашняму кіраўніку, дык са сваёй позвай Анатолю Лябедзьку давядзецца чакаць яшчэ пяць гадоў», — піша Цэзары Галінскі ў Gazecie Wyborczej.

Яшчэ адзін матэрыял Gazety Wyborczej прысьвечаны справе выгнанага зь Беларусі ксяндза Збігнева Кароляка. У артыкуле апісваецца, як розныя судовыя інстанцыі тао забаранялі, то дазвалялі, то зноў забаранялі непаслухмянаму ксяндзу ўезд у Рэспубліку Беларусь.

«— Для ўладаў уся гэтая справа павінна ўжо страціць актуальнасьць з той прычыны, што ксёндз Кароляк добраахвотна выехаў з гэтай краіны і не зьбіраецца добраахвотна туды вяртацца, — зазначыў прадстаўнік ксяндза на чарговых судовых разборах адвакат Ігар Кабалік. — Як свайму прадстаўніку, — працягвае адвакат, — ён сказаў мне ў Польшчы: «Калі гэтая дзяржава так абыходзіцца са сьвятарамі, дык я не паеду туды, нават каб мяне й прасілі». Застаецца толькі пытаньне — чыя ж тут праўда, — цьвердзіць адвакат ксяндза Кароляка, які зьбіраецца падаць апэляцыю ў апошнюю інстанцыю — Найвышэйшы Суд у Менску».

Пераклаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG