Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады ўсё больш занепакоеныя малой эфэктыўнасьцю працы сваіх сродкаў масавай агітацыі і прапаганды. І асаблівую незадаволенасьць выклікае дзейнасьць Беларускае тэлевізіі. Сёньня Аляксандар Лукашэнка заклікаў беларускіх телевізійшчыкаў браць прыклад з расейскіх тэлеканалаў.

Сёньня ў рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы адбылася нарада, прысьвечаная, паводле афіцыйных крыніцаў, "удасканальваньню працы Нацыянальнае тэлерадыёкампаніі". Сваю незьменную ўвагу да працы БТ Аляксандар Лукашэнка адкрыта патлумачыў тым, што тэлевізія зьяўляецца найважнейшым сродкам ідэялягічнай барацьбы.

Лукашэнка заявіў, што арыентырам для беларускіх тэлежурналістаў мусяць стаць у першую чаргу расейскія тэлеканалы, да якіх, маўляў, могуць узьнікаць пытаньні ў зьмесьце, але ня ў форме іхнае працы. Тое, што робіць БТ, у дзясяткі разоў слабейшая за прадукцыю расейскіх тэлевізійшчыкаў, — сказаў Лукашэнка.

Адзначу, дарэчы, што паводле апошніх сацыялягічных дадзеных, «першы нацыянальны» канал глядзяць 72% апытаных. З гэтай лічбаю БТ дзеліць другое-трэцяе месца з РТР, а на першым працягвае заставацца ОРТ — 90%. НТВ, самы папулярны тэлеканал у Менску, па краіне займае чацьвертае месца (таму, што дасюль НТВ не прымаецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі).

Пад час нарады Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што праца ў стварэньні другога каналу была праваленая і даручыў першаму намесьніку кіраўніка сваёй адміністрацыі Ўладзімеру Замяталіну забясьпечыць зьяўленьне другога каналу ў першай палове наступнага году.

Гэтую інфармацыю мы папрасілі пракамэнтаваць дэпутата гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Івана Пашкевіча, які пад час працы ў адміністрацыі Лукашэнкі актыўна прабіваў ідэю стварэньня другога каналу:

(Пашкевіч: ) "Калі гэтая справа даручаная Замяталіну, то якраз даручыў таму чалавеку, з-за якога гэтая справа праваленая. Стварэньне каналу БТ-2 – а я толькі так разумею, што ён павінен быць агульнанацыянальным, таму ён павінен быць, як кажуць, дарагая цацка. Такіх грошай у краіне няма, у бюджэце няма. Былі інвэстары і з расейскага боку, і я іх падтрымліваў. Напрыклад, сёньня ўжо можна сказаць, што першым сур'ёзным інвэстарам было ТВ-6 на чале з Сагалаевым, які хацеў укласьці ў новую справу амаль 10 мільёнаў даляраў, але гэтая ідэя была зарубленая, і якраз у гэтай справе зарубкі, калі можна так сказаць, знаходзіўся ў той момант і Ўладзімір Пятровіч Замяталін".

Зрэшты, на бясконцае рэфармаваньне БТ й спробы стварэньня другога каналу варта паглядзець і зь іншага пункту гледжаньня. Ад клянаваньня тэлеканалаў іхная творчая патэнцыя ня вырасьце. Ня можа быць прафэсійнае і свабоднае тэлевізіі ў несвабоднай краіне. Пакуль улада разглядае адзіны нацыянальны тэлеканал у якасьці "ідэялягічнага шпрыцу", пакуль у журналістаў БТ існуе вонкавы і ўнутраны цэнзар, у гледачоў Беларусі будзе спрацоўваць свой цэнзар, які не дазваляе ім уключаць кнопку Беларускае тэлевізіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG