Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры апазыцыйнае моладзевае кааліцыі "Пераменаў!" сёньня прынялі рашэньне зарганізаваць у Навагоднюю ноч у Менску народныя гуляньні, якія павінны стаць пачаткам агітацыйнае кампаніі ў падтрымку адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. А 14 лютага больш чым у 30 гарадох Беларусі пройдзе агульнанацыянальная моладзевая акцыя пад назваю "Любові! Свабоды! Пераменаў!".

Лідэры кааліцыі "Пераменаў!" лічаць, што менавіта на Навагоднюю ноч, а таксама на 14 лютага — дзень сьв. Валянціна — прыпадае найбольшы пік эмацыйнай моладзевай актыўнасьці напачатку году. Таму й вырашылі выкарыстаць гэтыя дні для пачатку агітацыі за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

На думку лідэра "Маладога Фронту" Паўла Севярынца і ягоных калегаў зь іншых арганізацыяў, найлепшым лёзунгам у пачатку году ёсьць заклік да моладзі пачаць новае тысячагодзьдзе зь пераменаў у Беларусі.

Шырокую агітацыйную кампанію прадстаўнікі кааліцыі плянуюць пачаць у ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня. Маладыя апазыцыянэры, пераапрануўшыся сьвятымі Міколамі (ці Санта Кляўсамі) маюць намер арганізаваць на цэнтральных пляцах Менску раздачу агітацыйнае літаратуры, а таксама будуць пераконваць моладзь пачаць жыцьцё ў новым тысячагодзьдзі зь пераменаў.

Маладыя апазыцыянэры таксама правядуць цягам навагодніх сьвятаў шэраг забаўляльных акцыяў для моладзі. А 14 лютага ў Менску, і яшчэ больш чым у 30 гарадох краіны пройдуць шэсьці й мітынгі моладзі пад назваю "Любові! Свабоды! Пераменаў!"

Агітацыйную кампанію, на думку лідэраў кааліцыі, трэба пачынаць як мага раней. Гаворыць лідэр "Маладога Фронту" Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Той кандыдат, які будзе вылучаны 15-га на паседжаньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, знойдзе падтрымку кааліцыі. Я ў гэтым перакананы. Таму моладзь, можа, крыху прысьпешвае такую хаду падзеяў, чым раней гэта пачнецца, тым лепей. Калі 15-га лідэры старэйшага пакаленьня ня здолеюць назваць гэтае прозьвішча, я думаю, што мы зьвернемся да іх з просьбаю гэты працэс паскорыць,"

— паведаміў спадар Севярынец.

Лідэры кааліцыі "Пераменаў!" таксама прынялі рашэньне стварыць свой інфармацыйны цэнтар, ды ўхвалілі шэраг праектаў зьвязаных з падрыхтоўкаю спэцыялістаў, якія будуць агітаваць за адзінага кандыдата ў моладзевых асяродках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG