Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Віцебская Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў агучыла прозьвішчы тых палітыкаў, якіх гатовая падтрымаць на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

Усяго па прапановах сябраў Рады, у якую, дарэчы, уваходзяць прадстаўнікі трох партыяў — Аб'яднанай грамадзянскай, БНФ "Адраджэньне" і БСДП (Народная грамада), а таксама дзесяці найбольш уплывовых грамадзкіх арганізацыяў, у сьпіс для галасаваньня было ўнесенае пяць прозьвішчаў. Гэта былыя прэм'ер ураду спадар Чыгір, кіраўнік Гарадзенскай вобласьці спадар Домаш і чалец Канстытуцыйнага суду спадар Пастухоў, а таксама старшыні Федэрацыі прафсаюзаў спадар Ганчарык і ЦК прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу спадар Ярашук.

Абмеркаваньне працяглым не было, бо сябры Рады прыйшлі на паседжаньне з вызначанымі пазыцыямі. Больш часу заняло пытаньне рэглямэнту — якім чынам галасаваць. У выніку адбылося рэйтынгавае галасаваньне, пад час якога пераканаўчую перамогу атрымаў Сямён Домаш — 60 адсоткаў прысутных аддалі яму першае месца.

Канчаткова рэйтынгавы сьпіс выглядае гэтак:

• Сямён Домаш — 40 балаў;
• Міхаіл Чыгір — 35;
• Аляксандар Ярашук — 31;
• Уладзімер Ганчарык — 24;
• Міхаіл Пастухоў — 20.

Але, як было падкрэсьлена, віцебскія дэмакраты не адмаўляюцца ад ідэі больш шырокай кааліцыі з усімі палітычнымі сіламі. Гэтую ідэю яны прапаноўвалі рэспубліканскай Радзе. І калі пад час кампаніі зьявіцца больш моцная прахадная кандыдатура, якая, канешне ж, ня будзе адыёзнай, віцебская КРДС гатовая яе падтрымаць.

Было разгледжанае і яшчэ адно важкае пытаньне — аб удзеле 18-га сакавіка ў выбарах дэпутатаў у так званую "Палату прадстаўнікоў". Нагадаем, што ў Віцебску ні ў воднай з чатырох акругаў выбары не адбыліся. Гэтае пытаньне прапанаваў Радзе старшыня гарадзкога камітэту БСДП (Народная грамада) Аляксей Гаўруцікаў, які вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру. "Хачу паглядзець, як будзе рэагаваць электарат у адносінах да чалавека, які ідзе на выбары пад жорсткімі антылукашэнкаўскімі лёзунгамі", — сказаў ён.

Сябры Рады аднесьліся да гэтага пытаньня прахалодна. Напярэдадні галоўнай падзеі ня мае сэнсу распыляць сілы. Хутчэй за ўсё Рада ня будзе праводзіць і тактыку байкоту гэтых выбараў.

XS
SM
MD
LG