Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Газэта "Народная Воля" надрукавала сёньня зварот ініцыятыўнае групы ў справе стварэньня грамадзянскага камітэту "Выбар-2001" з прапановаю распачаць пошук альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Як патэнцыйныя супернікі Аляксандра Лукашэнкі былі названыя імёны вядомых у Беларусі асобаў — дырэктароў прадпрыемставаў, навукоўцаў, палітыкаў, дзяячоў культуры. Аўтары гэтай ідэі імкнуцца распачаць у грамадзтве маштабную перадвыбарчую дыскусію.

Ініцыятыўная група ў справе стварэньня грамадзянскага камітэту "Выбар-2001" распачала пошук адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Сёньня газэта "Народная Воля" зьмясьціла сьпіс трыццаці вядомых і ўплывовых асобаў, якія, на думку ўдзельнікаў групы, маглі б скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Вось як патлумачыла гэтую ідэю адна зь сяброў ініцыятыўнае групы Тацяна Ваніна.

(Ваніна: ) "Акрамя адзінага палітыка (як ён сябе называе, і як раскручваюць яго сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу, беларускае тэлебачаньне) існуе шмат людзей, якія маюць добрую адукацыю, якія вядомыя ў краіне і якія сапраўды маглі б пры пэўных абставінах заняць такую пасаду".

Зазначыла Тацяна Ваніна.

Сярод названых магчымых канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі шмат прамыслоўцаў — дырэктар трактарнага заводу Міхал Лявонаў, кіраўнік Беларускае Канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Міхал Лаўрыновіч, дырэктар "Інтэгралу" Віктар Емяльянаў, дырэктар "Беларусьнафты" Уладзімер Муляк ды іншыя.

Магчымымі кандыдатамі ў прэзыдэнты названыя і навукоўцы — былы прэзыдэнт Акадэміі навук Уладзімер Платонаў, акадэмік Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Сярод іншых прэтэндэнтаў названыя пісьменьнікі й мастацкія дзеячы, прафсаюзныя лідэры і апазыцыйныя палітыкі. Дарэчы, бальшыня зь іх ня ведала пра гэтае, так бы мовіць, грамадзкае вылучэньне.

Гаворыць Тацяна Ваніна.

(Ваніна: ) "Я хачу папярэдзіць і людзей, і прадстаўнікоў улады, што гэтыя людзі не давалі згоды, і тое, што яны трапілі ў гэты сьпіс, гэта толькі сьведчаньне таго, што яны таленавітыя, адукаваныя і здольныя".

Паводле Тацяны Ванінай, вялося папярэдняе абмеркаваньне кандыдатураў — зь інтэлігэнцыяй, прадпрымальнікамі, палітыкамі і нават зь сілавікамі. Усяго было вызначана каля 100 асобаў, але названыя пакуль толькі трыццаць.

Абмеркаваньне кандыдатураў будзе працягвацца і далей. Сябры ініцыятыўнае групы ў справе стварэньня грамадзянскага камітэту "Выбар-2001", а гэта Васіль Шлындзікаў, Генадзь Грушавы, Іосіф Сярэдзіч ды іншыя, спадзяюцца, што пасьля публікацыі ў грамадзтве распачнецца сапраўдная перадвыбарчая дыскусія.

Гаворыць Васіль Шлындзікаў.

(Шлындзікаў: ) "Я не магу згадзіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, які сказаў, што "Захад і наша апазыцыя зрабіліся да таго нахабнымі, што зьбіраюцца шукаць іншага кандыдата ў прэзыдэнты"… Дазвольце, я — грамадзянін краіны, і я хачу, каб народ сьвядома зрабіў свай выбар", — зазначыў Васіль Шлындзікаў.

XS
SM
MD
LG