Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сьнежня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл прыняў у сваёй праскай рэзыдэнцыі прадстаўнікоў беларускай аб'яднанай апазыцыі – Алеся Бяляцкага, Вінцука Вячорку, Анатоля Лябедзьку, Алеся Міхалевіча і Станіслава Шушкевіча. Падрабязнасьці сустрэчы нашай карэспандэнтцы Алене Ціхановіч расказаў Станіслаў Шушкевіч.

(Ціхановіч: ) "Ваш візыт даволі падрабязна асьвятляе чэскі друк, у прыватнасьці, Вашае наведваньне Альшанскіх могілкаў, дзе пахаваныя прэзыдэнты БНР. Але вось сустрэча з дзеючым прэыздэнтам – гэта першая сустрэча на такім высокім узроўні з часоў новай дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і Чэхіі. Які характар насіла гэтая сустрэча?"

(Шушкевіч: ) "Вы маеце рацыю. Я дагэтуль сустракаўся з прэзыдэнтам Гаўлам тры разы – у Гэльсынкі, у Вене і на пахаваньні Дубчыка, але афіцыйнай пратакольнай размовы не было. Яшчэ ў чэскай амбасадзе ў Менску нас папярэджвалі, маўляў, прабачце, калі вам ня ўдасца сустрэцца з прэзыдэнтам, справа ня ў тым, што ён ня хоча, а справа ў тым, што ён можа быць хворы. Ведаючы дыпляматычны пратакол, я разумеў, што гэта папярэджаньне на ўсялякі выпадак – калі прэзыдэнт не захоча з намі сустрэцца, то ён спашлецца на хваробу. Пасьля сёньняшняй сустрэчы хачу сказаць, што раней неяк дыстанцыйна ўспрымаў інтэлект і ўзьдзеяньне гэтага чалавека. Я проста лічу, што нам пашчасьці спакойна, пасьлядоўна абмеркаваць усе беларускія пытаньні і пераканацца ў тым, што прэзыдэнт Гавэл заарыентаваны ў беларускіх справах найлепшым чынам".

(Ціхановіч: ) "Якія пытаньні цікавілі прэзыдэнта?"

(Шушкевіч: ) "Мы яму расказвалі пра Беларусь, а яго не цікавілі пытаньні. Ён гаварыў пра сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі, ён гаварыў як чалавек, які валодае інфарамцыяй пра тое, што ў Беларусі адбываецца. Вось яго галоўныя словы – Эўропа з 45-га году зьмяншае колькасьць дыктатараў на сваёй тэрыторыі і я, кажа, перакананы, што ў першы год новага тысячагодзьдзя зь імі будзе ўсё скончана ў Эўропе, і мы ўсе павінны дзейнічаць так, каб людзі ў Эўропе адчулі свабоду, каб дзейнічалі паводле перакананьняў, каб былі абароненыя правам. Гэта самы лепшы паказчык таго, як ён да нас ставіцца".

(Ціхановіч: ) "Вы асабіста знаёмыя з многімі прэзыдэнтамі і маеце магчымасьць параўнаць, чым вылучаецца сярод іх Гавэл, стыль яго прэзыдэнцкага кіраваньня? Што на Вас зрабіла найбольшае ўражаньне?"

(Шушкевіч: ) "Мяне найбольш уразіла Прага. Мне проста было непамысна, калі я думаў, што нейкія краіны, што прэтэндавалі на галоўную ролю ў сьвеце, імкнуліся навучыць гэты народ жыць па не сваіх канонах. Я ўбачыў, што Гавэл – гэта кіраўнік дзяржавы, які клапоціцца не аб тым, каб заціснуць тут нейкі накірунак, не каб зрабіць некаму папрок, а каб ісьці цывілізаваным шляхам да паразуменьня. Мы ўбачылі чалавека, які клапоціцца толькі аб тым, каб толькі прыстойным чынам спаборнічалі гэтыя накірункі".

(Ціхановіч: ) "Прэзыдэнт Гавэл, як вядома, былы дысыдэнт, былы вязень. Ці ўздымалася пад час сутрэчы праблема дапамогі беларускім палітычным вязьням або іх сем'ям?"

(Шушкевіч: ) "Уздымалася праблема, як палітычная праблема. Што да пытаньняў дапамогі, я лічу, што гэта пытаньне, якое нелягічна ўздымаць перад прэзыдэнтам, таму што час абмежаваны, а ў нас былі ўсе магчымасьці ўзьняць гэтыя пытаньні і перад прадстаўнікамі ўраду, і перад прадстаўнікамі праваабарончых структураў, і перад прадстаўнікамі абедзьвюх палат парлямэнту. І яшчэ хачу выказаць падзяку і прэыздэнту Гавэлу, і іншым чэскім дзеячам за тое, што таленавітая беларускай моладзь, якая ня мае магчымасьці дзеля палітычных меркаваньняў вучыцца ў Беларусі, атрымала магчымасьць вучыцца ў Чэхіі".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG