Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Саміт лідэраў Эўразьвязу ў Ніцы, які завершыўся ўчора, застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднага друку. Усе згодныя ў тым, што саміт быў сапраўды гістарычны, што закончыўся, хаця і далёкім ад ідэалу, але ўсё ж кампрамісам. Краіны-кандыдаты ў асноўным задаволеныя вынікамі саміту, аднак гучаць таксама вельмі скептычныя галасы…

"У часе саміту ў Ніцы, незважаючы на некаторыя мінусы, "пятнаццатка" запаліла зялёнае сьвятло для працэсу пашырэньня Эўразьвязу на Ўсход," – заявіў камісар у справах пашырэньня Фэргойгэн. Выступаючы сёньня ў Эўрапарлямэнце ў Страсбургу, прэзыдэнт Францыі Жак Шырак заявіў:

"Дагавор адказвае на выклікі, перад якімі мы стаялі: даць Эўропе магчымасьць вырашаць і дзейнічаць пасьля таго, як яна вырашыла працягваць небывалае пашырэньне".

"Шлях да пашырэньня Эўразьвязу адкрыты, і мы падвоім намаганьні, каб дасягнуць з краінамі-кандыдатамі дамоўленасьці, якія затым будуць падлягаць ратыфікацыі" – заявіў прэс-сакратар Эўракамісіі Джонатан Фол. Аднак раней, на пытаньне, ці Эўразьвяз будзе цяпер гатовы прыняць новыя краіны, міністар замежных справаў Бэльгіі Луі Мішэль адказаў: "Думаю, што не. Пашырэньне трэба правесьці, і пры тым хутка, аднак перш Эўропа павінна нагнаць страчаны час". "Тым ня менш, – адзначыў бэльгійскі міністр – незважаючы на ўсе недасканаласьці, дасягнуты ў Ніцы кампраміс дастатковы для таго, каб Эўразьвяз нармальна функцыянаваў пасьля пашырэньня".

Газэта Financial Times лічыць, што дагавор з Ніцы мае мноства і прыхільнікаў і праціўнікаў. 12 краінаў-кандыдатаў ў адзін голас прывіталі вынікі саміту, паколькі ён прынамсі адхіліў фармальныя перашкоды на шляху да пашырэньня Эўразьвязу. Аднак з другога боку, – піша Financial Times, – дагавор павінен быць яшчэ ўхвалены Эўрапарлямэнтам і 15-цю нацыянальнымі парлямэнтамі і (цытую): "Эўрапарлямэнт можа адкінуць гэты няўдалы кампраміс". Аб такой магчымасьці ўжо заявіў прадстаўнік нямецкіх хрысьціянскіх дэмакратаў ў Эўрапарлямэнце Эльмар Брок. Лідэр баварскага хрысьціянска-сацыяльнага Саюзу Эдмунд Штойбэр лічыць, што Эўразьвяз не гатовы прыняць новыя краіны хаця б з фінансавых меркаваньняў. Паводле Financial Times, ўсьлед за Эўрапарлямэнтам, адмовяцца ратыфікаваць дакумэнты зь Ніцы таксама парлямэнты Італіі і Бэльгіі.

Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на тое, што эўрапейскія лідэры ўскладнілі і без таго складаную сыстэму галасаваньня ў Радзе Міністраў кваліфікаванай большасьцю галасоў. Новы падзел галасоў ў будучай Радзе павінен быў кампэнсаваць вялікім краінам страту аднаго з камісараў ў выканаўчым органе – Эўракамісіі.
Адначасова была ўведзеная трайная большасьць: гэта значыць – колькасьці галасоў, колькасьці насельніцтва і колькасьці краінаў. Для прыняцьця нейкай пастановы неабходна набраць 74 адсоткі галасоў і заручыцца падтрымкай з боку краінаў, якія агулам маюць як мінімум 62 адсоткі ўсяго насельніцтва Эўразьвязу. Справа ў тым, каб захаваць роўнавагу паміж вялікімі і малымі краінамі; дазволіць вялікім блякаваць важныя пастановы, але й ня даць ім магчымасьці накінуць нешта малым краінам. Акрамя таго, колькасьць дзялянак, у якіх рашэньні будуць прымацца звычайнай большасьцяй галасоў, была зьменшаная ў параўнаньні з прапановамі Камісіі. Краіны-сябры захавалі таксама права вэта ў такіх пытаньнях, як нацыянальны інтарэс, падаткі, сацыяльнае забесьпячэньне, імграцыя і палітычны прытулак.

У кожным разе, як заявіў прэзыдэнт Францыі Шырак, "у Ніцы быў дасягнуты дагавор найлепшы, якога можна было дасягнуць".

XS
SM
MD
LG