Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Койданава–Менск

Найбольш буйныя швэйныя фабрыкі канцэрну "Беллегпрам" амаль цалкам страцілі расейскі рынак і ратуюцца ад крызысу толькі на рынках Заходняй Эўропы. У прыватнасьці, койданаўскае акцыянаванае таварыства "Эліз" зараз выконвае буйны заказ Нямеччыны — шые адзеньне для нямецкай паліцыі, Бундэсвэру ды іншых дзяржаўных структураў гэтае краіны.

Гэты факт для радыё Свабода пацьвердзіла галоўны інжынэр Тацяна Ярмоленка. Яна зазначыла, што на сёньня 65% гадавога аб'ёму вытворчасьці "Элізу" йдзе на рынкі Заходняй Эўропы.

Гаворыць Тацяна Ярмоленка:

"Першае мейсца ў нас трымаецца за францускім рынкам. Мы туды пастаўляем мужчынскую кашулю з выкарыстаньнем новых, сучасных, тэхналёгіяў… Нямецкі рынак — там у нас на самрэч ёсьць заказы форменнае вопраткі для розных сілавых структураў. Гэта і паліцыя, і Бундэсвэр, гэта й мытня, і "Люфтганза" і шэраг іншых замоваў", — зазначыла спадарыня Ярмоленка.

Яна паведаміла, што валюты, заробленай у гандлі з гэтымі краінамі, а таксама — зь Вялікай Брытаніяй, Швэцыяй, Польшчаю, Чэхіяй, краінамі Балтыі хапае ня толькі на прыстойныя заробкі й дывідэнды акцыянэрам, але й на пашырэньне магутнасьцяў прадпрыемства, абсталёўваньня яго імпартнай тэхнікаю. Будуецца ведамаснае жытло, інтэрнаты, фірмовыя крамы.

Усё бачанае і чутае ў Койданаве пракамэнтавала кіраўніца ўправы замежных эканамічных сувязяў канцэрну "Беллегпрам" Алена Андрэева. Яна зазначыла: толькі на тэрыторыі сталіцы й сталічнае вобласьці, акрамя "Элізу", яшчэ чатыры буйнейшыя швэйныя фірмы рынкавага тыпу пераважны гандаль вядуць на заходнеэўрапейскіх і паўночнаамэрыканскіх рынках. Менская "Мілавіца", напрыклад, нават стварыла супольнае прадпрыемства зь італьянскімі калегамі.

З Расеяй жа, — прызналася Алена Андрэева, — гандаль складваецца ня вельмі спрыяльна. Там устойлівую манаполію сярод імпартэраў трымае Кітай. Хоць кітайскія баваўняныя кашулі, як правіла, вытрымліваюць усяго пяць прасаваньняў, у той час як беларускія — больш як трыццаць. Але кітайскія вырабы ў некалькі разоў таньнейшыя.

Спадарыня Андрэева з насьцярогаю чакае 1 студзеня 2001 году, калі расейскі ўрад зьбіраецца зьменшыць мытны на экспарт кітайскае вопраткі. Праз адкрытыя ўсходнія межы танны тэкстыль запалоніць беларускі рынак і створыць вялікія перашкоды вырабам канцэрну.

XS
SM
MD
LG