Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Амбасады замежных краінаў, што знаходзяцца ў Беларусі, пашыраюць сваё супрацоўніцтва з Гомельшчынаю, якая найбольш пацярпела ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Намесьнік кіраўніка ангельскае місіі ў Беларусі Марк Пецік даслаў на ймя старшыні Веткаўскага раённага выканкаму спадара Баранава адмысловы ліст, у якім выказаў спадзяваньне, што афіцыйнае афармленьне пабрацімскіх сувязяў паміж ангельскім горадам Чарлзбэры й Веткаю, а таксама ажыцьцяўленьне праекту занятасьці людзей у вёсцы Сьвяцілавічы пашырыць супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі.

Вёска Сьвяцілавічы выбрана невыпадкова. Яна моцна забруджана радыяцыяй. Узровень жыцьця людзей тут даволі нізкі. Улетку многія вяскоўцы займаюцца зборам грыбоў і ягадаў, што небясьпечна для здароўя. Дадатковую крыніцу фінансавых даходаў сем'яў рэгіянальная агэнцыя эканамічнага разьвіцьця бачыць у пашырэньні самазанятасьці людзей, і ў прыватнасці, разьвядзеньні на падворках вяскоўцаў гусей. Як распавёў старшыня Сьвяцілавіцкага сельсавету Віктар Гатальскі, дыпляматы Вялікае Брытаніі, што наведалі вёску, праявіла зацікаўленьне ў фінансаваньні гэтага праекту праз эканамічныя структуры гораду Чарлзбэры. Ёсьць намер стварыць адмысловы інкубатар для разьвядзеньня гусей і нават цэх перапрацоўкі птушкі.

Ангельская амбасада — не адзіная дыпляматычная місія, якая спрыяе вырашэньні сацыяльных праблемаў на пацярпелай ад "чарнобылю" Гомельшчыне. Пры пасярэдніцтве амбасады Нямеччыны ў наш рэгіён ідзе адчувальная гуманітарная дапамога лекамі й мэдычным абсталяваньнем.

Былы кіраўнік амэрыканскае місіі Дэніэл Спэкгард асабіста ініцыяваў дапамогу вайсковага ведамства Злучаных Штатаў у рэканструкцыі шпіталю хуткае мэдычнае дапамогі ў абласным цэнтры.

Амбасадар Чэхіі Алеш Фойцік прапанаваў аздараўленьне ў сябе на радзіме гомельскіх дзяцей. На мінулым тыдні ў чэскі горад Блудаў ад'ехалі 44 школьнікі зь Веткаўскага, Чачэрскага, Хойніцкага ды іншых забруджаных радыяцыяй раёнаў.

Дарэчы, у бліжэйшыя дні я маю намер наведаць Чарнобыльскую атамную станцыю і распавесьці слухачам у рэпартажах пра падрыхтоўку да яе закрыцьця, прызначаную, як паведамлялася, на 15 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG