Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Тры дні засталося да закрыцьця Чарнобыльскай АЭС. Як гэтая падзея адаб'ецца на Беларусі? Ці не пагражаюць краіне небясьпечныя экалягічныя наступствы? Беларускія навукоўцы мяркуюць, што закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС ня будзе мець значнага ўплыву на Беларусь. Паводле экспэртаў, гэта перадусім палітычнае рашэньне, а не экалягічнае.

Закрыцьцё Чарнобыльскае станцыі цяпер ні на што ў Беларусі істотна не паўплывае. Выкінутыя пятнаццаць год таму на беларускую зямлю радыенукліды на ёй і застануцца. Так мяркуе намесьнік дырэктара Інстытута радыяцыйнае бясьпекі "Белрад" доктар тэхнічных навук Аляксандар Дэвойна.

"Доўгажыўныя радыёнукліды, такія як цэзій, стронцый і плутоній, што былі выкінутыя, цяпер займаюць 23% тэрыторыі нашае краіны. Пасьля закрыцьця станцыі іх не паменшае і не пабольшае. Хіба што стане меншаю рызыка магчымае катастрофы. А сытуацыя з наступствамі "чарнобылю" ў Беларусі дагэтуль застаецца трывожнай. Мы па-ранейшаму атрымліваем з чарнобыльскай зоны забруджаныя прадукты. 80% дозы апраменьваньня абумоўленая тым, што жыхары забруджаных раёнаў (а гэта 1,5 мільёны чалавек, зь іх поўмільёны — дзеці) харчуюцца забруджанымі прадуктамі", — зазначыў Аляксандар Двойна.

А на думку доктара хімічных навук, сябры Міжнароднай экалягічнай Акадэміі, інваліда-чарнобыльца Яўгена Пятраева, больш плённым было б нарэшце вырашыць праблемы са "Сховішчам" і кансэрвацыяй 4 энэргаблёку:

(Пятраеў: ) "Станцыя працуе даволі ўстойліва, і прыпыняць яе ці не прыпыняць, на мой погляд, гэта ня мае значэньня. Выказваюцца агрумэнты, што гэта такі ж самы рэактар, які выбухнуў на 4-м блёку, і таму магчымасьць новага выбуху існуе. На самой справе навукоўцы зрабілі пэўныя высновы, і канешне, нічога падобнага больш там ня можа адбыцца. Напэўна, можна было больш інтэнсыўна працаваць над паляпшэньнем працы станцыі.

Але на Беларусь закрыцьцё станцыі не паўплывае. Гэта паўплывае на Ўкраіну, і, на маю думку, хутчэй адмоўна, чым станоўча", — распавёў Яўген Пятраеў.

А паводле дырэктара Інстытуту радыеэкалягічных праблемаў Акадэміі Навук Уладзімера Скурата, закрыцьцё станцыі — гэта больш палітычнае рашэньне, чым экалягічнае:

"Што тычыцца работ у вывядзеньні з эксплюатацыі станцыі, дык яны будуць цягнуцца даўгія гады. У тым ліку й працы ў ліквідацыі небясьпекі ад саркафагу. А яна йснуе і дагэтуль. Зь цягам часу стан "саркафагу" не паляпшаецца. Ён разьлічаны на 30 гадоў, прайшло ўжо 15. Ідзе праца ва яго ўмацаваньні, але гэта трэба вырашаць кардынальна", — зазначыў Уладзімер Скурат.

На ягоную думку, ад закрыцьця Чарнобыльскай АЭС горш ня будзе, а гэта ўжо добра.

XS
SM
MD
LG